Суд лічыць законнай пабудову царквы на запаведным возеры Балдук

Правядзенне  грамадскіх  слуханняў перад пабудовай царквы ў гонар Іконы  Маці Божай у вёсцы Станчыкі Пастаўскага раёна лічыць непатрэбным суддзя Глыбоцкага раённага суда Андрэй Тарасевіч.  Ён зачытаў рашэнне ў адмове па іску грамадскай экалагічнай арганізацыі  “Экадом” да  Пастаўскага райвыканкама аб патрабаванні арганізацыі грамадскіх слуханняў.



bolduk_670x400.jpg

У зале суда на агалошванні рашэння 27 лістапада прысутнічаў толькі адзін прадстаўнік зацікаўленых бакоў — юрыст “Экадома” Рыгор Фёдараў і журналісты.

Па словах юрыста грамадскага  аб’яднання “Экадом” Рыгора Фёдарава, рашэннем суда ён не здзіўлены, таму што ў Беларусі многія законы на практыцы  не выконваюцца або дзейнічаюць аднабакова.

— Фактычна любы новы аб’ект абмяркоўваецца. Хутка грамадскае абмеркаванне будаўніцтва царквы адбудзецца ў Полацку. Некалькі тыдняў таму адбылося абмеркаванне ў Віцебску. Там таксама ўзнікла канфліктная сітуацыя, бо храм плануюць пабудаваць замест сквера. Такім чынам, зусім не зразумела, чаму жыхароў маленькай вёскі пазбаўляюць права абмеркаваць такое важнае пытанне.

Як кажа Рыгор Фёдараў, грамадская арганізацыя “Экадом” будзе абскарджваць рашэнне суда Глыбоцкага раёна ў вышэйшай інстанцыі. 

Яны лічаць, што правы мясцовых жыхароў усё ж былі парушаны, і трэба дабівацца таго, каб да ўсіх людзей, незалежна ад месца жыхарства, ставіліся аднолькава.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя