Суд на актывісткай АГП за адзіночны пікет у Акцябрскім перанеслі
Суддзя перанёс працэс над Аленай Луцковіч, якую судзяць у Акцябрскім за правядзенне адзіночнага пікету, на аўторак, 3-га лістапада, бо хоча паслухаць сведчанні міліцыянтаў, якія складалі пратакол.
Адзіночны пікет Алены Луцковіч у Акцябрскім. Фота ucpb.org
«У мяне ёсць доказы фальсіфікацый на выбарах», — з такім плакатам выйшла 30 кастрычніка на пляцоўку каля мясцовага рынку ў Акцябрскім актывістка «Маладых дэмакратаў» Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аена Луцковіч, падае spring96.org.
Актывістка сабрала доказы фальсіфікацый, з якімі яна і грамадскі актывіст Андрэй Павук звярнуліся ў пракуратуры ўсіх узроўняў — ад раённай да Генеральнай. Але пракуратуру доказы парушэння закону не зацікавілі. І раённая, і Генеральная пракуратуры адпісаліся, што прайшлі тэрміны абскарджання вынікаў выбараў, таму «звароты пакінуты без разгляду па сутнасці».
У той жа час на сайце ЦВК змешчана інфармацыя, што ўсяго ў Акцябрскім раёне за кандыдата Таццяну Караткевіч аддадзеныя 94 галасы, а «супраць усіх кандыдатаў» прагаласавала 39 выбарцаў. Тады як насамрэч толькі на ўчастку для галасавання № 2 Акцябрскага раёну старшынёй камісіі былі абвешчаныя 226 галасоў, пададзеных за кандыдата Караткевіч і 63 галасы «супраць усіх кандыдатаў». Усяго ў раёне быў 21 участак для галасавання.
«Два супрацоўнікі міліцыі назіралі за пікетам здалёку, – распавяла Алена Луцковіч сайту Аб’яднанайграмадзянскай партыі, – чакаючы, калі я буду сыходзіць, каб затрымаць мяне без шуму. Але я пайшла не дадому, а ў следчы камітэт – падаваць заяву аб узбуджэнні крымінальнай справы па факце фальсіфікацый выбараў. Заяву прынялі і нават, быццам бы, пачалі праверку».
Затрымалі актывістку на выхадзе (следчы камітэт у Акцябрскім знаходзіцца ў тым жа будынку, што і РАУС), пратрымалі ў пастарунку 3 гадзіны, за гэты час падрыхтаваўшы справу аб адміністрацыйным правапарушэнні паводле артыкулу за правядзенне несанкцыянаванай акцыі ды адразу ж адправілі ў суд.
Суддзя адкрыў пасяджэнне, але пасля таго, як актывістка адмовілася сведчыць супраць сябе, перанёс пасяджэнне на аўторак, бо захацеў выклікаць у суд у якасці сведак міліцыянтаў, якія склалі пратакол.
Суд над лідарам «МД» Аленай Луцковіч будзе працягвацца ў Акцябрскім у аўторак, 3 лістапада, а 12:15.