Сумная статыстыка. Пенсіянеры ў Беларусі працягваюць бяднець
Сёлета чыноўнікі абяцалі падняць пенсіі, але раптам «забыліся». У тым ліку па гэтай прычыне дабрабыт людзей сталага веку ў Беларусі працягвае пагаршацца.
У кастрычніку
знізіліся рэальныя пенсіі беларусаў, іх разлічваюць з папраўкай на інфляцыю.
Гэта вынікае са звестак Белстата. Падзенне склала 0,6% да верасня, заўважае
«Люстэрка».
Рэальныя пенсіі сёлета ў месячным выражэнні выраслі толькі ў траўні, жніўні і верасні. У астатнія месяцы гэтага года рэальныя пенсіі дэманстравалі падзенне (гаворка пра студзень-кастрычнік, дадзеныя за лістапад пакуль не апублікаваныя). Прыкметней за ўсё яны ўпалі ў лютым — на 1,2% да студзеня.
У кастрычніку рэальная пенсія ў сярэднім упала на 0,6% да верасня. Сярэдняя прызначаная пенсія другі месяц запар трымаецца на ўзроўні 693,4 рубля.
У гэтым годзе працоўныя пенсіі павышалі з 1 траўня і 1 верасня. Пры гэтым чыноўнікі абяцалі, што іх падымуць тройчы, як і ў 2022-м, аднак у трэці раз працоўныя пенсіі сёлета не сталі павышаць.
Чаму рэальныя пенсіі могуць яшчэ больш зваліцца
Зніжэнне гэтых выплат афіцыйная статыстыка зафіксавала нават на фоне ручнога стрымлівання інфляцыі ў краіне. І эксперты, і самі чыноўнікі прагназуюць, што рост коштаў паскорыцца, нягледзячы на жорсткае дзяржрэгуляванне. Уласна, гэта ўжо адбываецца. Гэта значыць рэальныя пенсіі могуць зваліцца ў лістападзе і снежні яшчэ больш.
Трэба ўлічваць, што дадзеныя Белстата — гэта асераднёныя паказчыкі. І нават пры цвёрдым дзяржрэгуляванні цэны працягваюць прыкметна расці. Раней у пачатку кастрычніка выданне параўнала, як змяніліся кошты за апошні год на адзін і той жа набор тавараў у адной і той жа краме. Сярэдні чэк на гэтыя пазіцыі вырас амаль на 15%. Варта адзначыць, што рост коштаў на тавары ў канкрэтнай краме не адлюстроўвае карціну па інфляцыі ў цэлым. Справа ў тым, што наша асабістая інфляцыя адрозніваецца ад той, якую лічыць Белстат, калі набор тавараў, якія мы купляем, не супадае на 100% з тымі, якія аналізуе гэтая структура.
Гэта значыць асобна ўзяты пенсіянер за той жа
кастрычнік мог пабяднець прыкметней, чым на асераднёныя 0,6%.