Пяць змяненняў, якія рэжым увядзе ў 2024 годзе. Яны закрануць кожнага
У 2024 годзе ўлады ўвядуць некалькі важных змяненняў, якія закрануць амаль кожнага жыхара краіны і якія адаб'юцца на таўшчыні нашых кашалькоў. «Люстэрка» распавядае пра іх.
Унясуць змены ў Працоўны кодэкс
Са студзеня 2024 года запрацуе абноўлены Працоўны кодэкс. Да прыкладу, насельніцтва будзе праходзіць па-новаму дыспансерызацыю. Чыноўнікі ўвядуць адзін аплатны выхадны для дыспансерызацыі. Работнік будзе атрымліваць за гэты дзень сярэдні заробак. Але скарыстацца такой магчымасцю работнікам, якім менш за 40 гадоў, можна будзе толькі раз на тры гады. Работнікі старэй гэтага ўзросту змогуць браць адзін аплатны выхадны дзень пад дыспансерызацыю адзін раз на год, а тыя, хто працуе на пенсіі, — два разы на год (гэта тычыцца таксама тых, каму да выхаду на заслужаны адпачынак застаецца менш за пяць гадоў).
Таксама ўвядуць змены па адпачынках, выплаце заробкаў, скарочаным працоўным дні для шматдзетных, выдаленай працы, харчаванні работнікаў.
Сілавікі атрымаюць супердоступ да плацяжоў насельніцтва
Да 1 сакавіка 2024 года сілавікі паводле спецыяльнага ўказа Аляксандра Лукашэнкі атрымаюць супердоступ да плацяжоў беларусаў. Гаворка пра супрацоўнікаў пракуратуры, дзяржбяспекі, унутраных спраў, Следчага камітэта і Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Лукашэнку. Чыноўнікі аргументуюць новаўвядзенне барацьбой з махлярамі.
Паводле рашэння Генпракуратуры, КДК, СК і МУС змогуць прыпыняць на тэрмін да 10 сутак расходныя аперацыі па банкаўскім рахунку, укладзе, электронным кашальку, калі ў праваахоўнікаў будуць даныя або толькі падазрэнні «аб здзяйсненні супрацьпраўных дзеянняў». Прасцей кажучы, нават калі сілавікам падасца, што па рахунку маглі быць здзейсненыя «супрацьпраўныя дзеянні», яны змогуць яго заблакаваць на тэрмін да 10 дзён.
Падатковыя змены
У 2024 годзе ўлады маюць намер увесці чарговыя падатковыя новаўвядзенні. Але пакуль рашэнне, якія канкрэтна гэта будуць змены, не прынята.
Магчымыя праўкі прадугледжаны як для насельніцтва, так і для юрыдычных асоб. Адна з прапаноў — увесці дадатковы стандартны падатковы вылік па падаходным падатку для маладых спецыялістаў.
Чыноўнікі таксама хочуць увесці новаўвядзенні па падатку на нерухомасць, але падрабязнасці не раскрываюць.
Для заснавальнікаў сельскагаспадарчых арганізацый могуць увесці льготу па падатку на прыбытак. Чыноўнікі таксама разглядаюць варыянт, каб у пазарэалізацыйныя выдаткі ўключалі грошы, якія былі накіраваныя на куплю і будаўніцтва маёмасці сельскагаспадарчага прызначэння.
Адна з магчымых падатковых правак тычыцца прымянення інвестыцыйнага выліку. Разглядаецца варыянт павялічыць гэты вылік і тэрмін яго прымянення (у тым ліку для буйных плацельшчыкаў, якія рэалізуюць інвестыцыйныя праекты).
Бальнічныя па-новаму
З 1 студзеня 2024 года ўвядуць змены па бальнічных лістках. Адна з іх — мінімальны памер бальнічных прывяжуць да памеру мінімальнай зарплаты. Цяпер ён прывязаны да бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва і складае 50% ад гэтага паказчыка (на сёння гэта 182,2 рубля).
Таксама чыноўнікі павялічаць памер бальнічных для тых, хто працуе больш за 10 гадоў. Для іх з першага дня хваробы бальнічны будзе аплачвацца ў памеры 100% страчанага заробку. Для работнікаў са стажам менш за 10 гадоў — 80% страчанага заробку. Зараз дапамога па часовай непрацаздольнасці першыя 12 дзён пакрывае 80% страчанага заробку, астатнія дні хваробы — 100%.
Яшчэ адно змяненне — павелічэнне памеру сярэднядзённага заробку для разліку бальнічных. У разлік будуць уключаць усе выплаты, на якія налічваюцца абавязковыя страхавыя ўзносы ў бюджэт Фонду на сацстрахаванне па ўсіх працадаўцах (у тым ліку былых) у разліковым перыядзе.
З 2024 года бальнічныя будуць прызначаць толькі па асноўным месцы працы з улікам заробку ва ўсіх працадаўцаў.
Пенсійныя навіны
З 2024 года павысяць мінімальны страхавы стаж. Ён неабходны для атрымання працоўнай пенсіі. У гэты стаж уваходзіць толькі той час, калі вы працавалі і працадаўца плаціў за вас страхавыя ўзносы ў Фонд сацыяльнай абароны. Цяпер мінімальны страхавы стаж складае 19 гадоў. З 1 студзеня 2024 года ён вырасце на паўгода — да 19 гадоў і шасці месяцаў.
Мінімальны страхавы стаж маюць намер павысіць да 20 гадоў. Паводле планаў чыноўнікаў, гэта павінна адбыцца ў 2025 годзе. Нагадаем, у 2013 годзе гэты паказчык павялічыўся з 5 да 10 гадоў. Беларусы, якія не выпрацавалі страхавы стаж паводле новых правілаў, трапляюць у пенсійную пастку, яны не могуць прэтэндаваць на працоўную пенсію, ім могуць прызначыць толькі сацыяльную: мужчыны — з 65 гадоў, жанчыны — з 60 гадоў. Цяпер сацыяльная пенсія складае 182,2 рубля.
Яшчэ адно пенсійнае змяненне пад пытаннем. Так, чыноўнікі хочуць дазволіць плацельшчыкам падатку на прафдаход уносіць больш сродкаў у дзяржбюджэт, каб гэтыя грошы ішлі ў ФСАН на будучую пенсію. «Прадастаўленне права фізічным асобам [разглядаецца] выплачваць падатак на прафесійны даход па падвышанай стаўцы з пералікам дадаткова выплачанай сумы падатку ў бюджэт ФСАН», — удакладнялі раней у мінскім Саюзе прадпрымальнікаў і працадаўцаў.