Супраць Статкевіча ў турме зноў пачаліся правакацыі
8 лютага экс-кандыдат у прэзідэнты патэлефанаваў родным, перадае сайт statkevich.org. Званок быў кароткім, Мікалай вельмі сцісла, літаральна, у тэлеграфным стылі, пераказаў апошнія навіны.
Перш за ўсё сказаў пра тое, што зноў пачаліся правакацыі, спробы «падсадзіць» у камеру «сумнеўных» суседзяў.
Зараз размова ішла аб «спецыяльна навучаным», па словах зняволеных, былым супрацоўніку спецслужбаў, які вядомы вельмі жорсткім стаўленнем да сукамернікаў, здзекамі і збіццём іх.
«Мікалай заявіў, што, калі правакацыі будуць працягвацца, то ён мусіць патрабаваць «бяспечнага ад супрацьпраўных дзеянняў адміністрацыі турмы ўтрымання». Да таго ж, яму пагражаюць чарговым пакараннем «за аказанне псіхалагічнага ціску», — паведаміла Марына Аамовіч.
«Дарэчы, мінулы раз, улетку, мабыць, зразумеўшы абсурднасць абвінавачвання ў «ціску», афіцыйна, свае 10 сутак ШЫЗА Мікалай атрымаў «за супрацьдзеянне рэжымным дзеянням адміністрацыі». Чым справа скончыцца на гэты раз — не ведаю. Спадзяюся, усё ж, на тое, што адміністрацыя будзе выконваць закон, а не тварыць беззаконне», — зазначыла жонка Мікалая Статкевіча.
Гэту сітуацыю, як і абмежаванні пры прыёме адзінай больш, чым за год, перадачкі Мікалай Статкевіч наўпрост звязвае з чарговай прапановай «папрасіцца» [аб памілаванні].
«Звычайна, пасля прапановаў «папрасіцца», у мяне пачынаюцца праблемы з насоўкамі, біркамі, — зазначыў палітвязень. — Таму чакаў нечага такога».
Стала вядома таксама, што Мікалай Статкевіч адправіў ліст Уладзіміру Някляеву ў адказ на яго ліст да сябе.
«Копію гэтага ліста ён накіраваў мне, каб павялічыць магчымасць, што ён дойдзе да адрасата. Адкрыты ліст Віталя Рымашэўскага ён яшчэ не бачыў. Мне невядома, ці яго не было ў друкаваных
выданнях, ці, проста, Мікалай іх не атрымаў па нейкіх прычынах. Па сутнасці, я нічога высветліць ці расказаць яму не паспела — званок быў нечаканым і вельмі кароткім. Ну, а на наступны я
магу спадзявацца не раней, чым праз месяц. Да таго ж, у студзені зноў пачаліся праблемы з ліставаннем. Магчыма, гэтазвязана з вядомымі эмацыйнымі выказваннямі пэўнай асобы?», —
падзялілася жонка палітвязня.
spring96.org