«Суткі» і штраф за «пікетаванне» песняй»

Суткі і штраф прысудзілі музыкам за «пікетаванне песняй "Разбуры турмы муры"» ў падземным пераходзе.

Фота: Marina Serebryakova/Anadolu Agency via Getty Images

Фота: Marina Serebryakova/Anadolu Agency via Getty Images

22 красавіка ў пераходзе на вуліцы Леніна затрымалі музыкаў Юлію Шабанаву, Лізавету Пакетаву і Аляксея Жураўлевіча. Іх адвезлі ў Цэнтральны РУУС, дзе склалі пратаколы па арт. 24.23 КаАП, паведамляюць праваабаронцы.

Музыкаў абвінавацілі ў «несанкцыянаваным пікетаванні праз спеў песні "Разбуры турмы муры"».

23 красавіка ў Цэнтральным судзе прайшлі суды над Лізаветай і Аляксеем. Суддзя Вікторыя Шабуня арыштавала Пакетаву на 11 сутак, а Аляксей адбывае 25-сутачны арышт па рашэнні суддзі Дзмітрыя Карсюка.

Сёння ў судзе разглядзелі справу Юліі Шабанавай, якую адпусцілі ў той дзень з РУУСа, бо ў жанчыны ёсць непаўналетнія дзеці.
Па словах Юліі, у іх ёсць афіцыйны дазвол, які дае права спяваць у пераходзе. Жанчына здзівілася прычыне затрымання, бо не ведае, дзе ўзяць спіс "забароненых" песень.

У выніку, суддзя Шабуня прызнала музыку вінаватай і аштрафавала яе на 1450 рублёў (50 базавых велічыняў).