Свята не будзе: гомельскія чыноўнікі забаранілі Rovar fest
Вялікае свята для ўсіх аматараў ровараў мусіла адбыцца 13-14 жніўня на тэрыторыі загарадняга клуба адпачынку «Надзея». Але за некалькі дзён да фэста арганізатары атрымалі ад гомельскіх чыноўнікаў адмову ў яго правядзенні.

На Ровар фэсце гасцей мусілі чакаць цікавыя конкурсы для раварыстаў і не толькі, музыка ад дыджэяў, фудкорт ды цікавыя забавы. Да месца правядзення ад гіпермаркета «Гіпа» мусіў прайсці нават адмысловы велапрабег, але цяпер фэста не будзе наогул.

Па словах арганізатараў, усе дакументы на правядзенне свята яны падавалі своечасова і па формах, якія ім прадстаўлялі чыноўнікі. Да таго ж у клубе адпачынку «Надзея», дзе мусіла прайсці святкаванне існуе спецыялізаваная пляцоўка для ўсіх запланаваных мерапрыемстваў, але магчыма чыноўнікі з райвыканкама самі не да канца разумеюць беларускае заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.

Пасля адмовы ў правядзенні фэста арганізатарам патэлефанавала жанчына і сказала, што яны могуць нават не спрабаваць абскарджваць рашэнне, паколькі мерапрыемства ўсё адно няма ў сетцы мерапрыемстваў выканкама і яно не можа быць праведзена. Пазней яна дадала, што да выбараў наогул любая агітацыя забаронена.
Нагадаем, што раней у клубе «Надзея» мусіў прайсці оўпэн-эйр «Піянерскі лагер «Аэрастат», які ў апошні момант па невядомых прычынах было вырашана самастойна зладзіць на беразе Сажа.
Паводле nashkraj.info