Святар беларускага паходжання стаў біскупам у Папуа — Новай Гвінеі

7 траўня адбылося біскупскае пасвячэнне ксяндза Валентыя Грыка і яго ўрачысты ўваход у катэдру каталіцкай місіі Кефама, піша Святлана Калінкіна на сайце «Народнай Волі».

papua.jpg

7 траўня ў Папуа — Новай Гвінеі прымае біскупскае пасвячэнне ксёндз Валенты Грык з Таварыства Божага слова (вербіст), паведамляе сайт Catholic.by.

14 лютага Папа Францішак менаваў ксяндза Валентыя Грыка біскупам дыяцэзіі з цэнтрам у горадзе Горака ў Папуа — Новай Гвінеі, краіны ў паўднёва-заходняй частцы Ціхага акіяна з пераважна хрысціянскім насельніцтвам.

Біскуп намінат нарадзіўся 23 лютага 1957 года у вёсцы Узбераж на Гродзеншчыне, што непадалёк ад мяжы з Літвой, дзе яго бацька працаваў ляснічым.

10 сакавіка таго ж года быў ахрышчаны ў касцёле Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Парэччы. У 1958 годзе, пасля смерці бацькі, маці з чатырма дзецьмі пераехала ў Польшчу. Там пасля заканчэння базавай школы і сельскагаспадарчага тэхнікума, у 1977 годзе Валенты ўступіў у супольнасць ксяндзоў вербістаў.

Як прызнаецца ён сам, на гэтае рашэнне паўплывала, між іншым, чытанне лістоў місіянераў з Папуа — Новай Гвінеі.