Шалёны 2021. Грамадства: Рэакцыя, што прыйшла на змену рэвалюцыі
Калі пачынаеш разважаць пра вынікі года, то першае, што прыходзіць на розум, — гэта рэпрэсіі. Драконаўскія, непрапарцыйныя, брудныя, помслівыя. Што зробіш: для ўсяго ў гэтым свеце характэрная цыклічнасць, на змену рэвалюцыі заўжды прыходзіць рэакцыя.
І чым больш прыгожай, светлай, крэатыўнай была прага беларусамі свабоды ў 2020-м, ты больш нізкай, бруднай і тупой будзе рэакцыя. Такі закон балансу.
Чым больш людзей выказала свой пратэст супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту, тым больш крымінальных спраў і судовых прысудаў з’явілася сёлета. Затрыманні, ператрусы, перадачы, напісанне лістоў за краты, суды — тое, чым краіна жыла ўвесь год.
На канец 2021-га мы маем амаль тысячу толькі прызнаных праваабаронцамі палітзняволеных (і больш за 1500 тых, хто трапіў за краты па палітычных матывах), татальную эміграцыю, масавыя звальненні з дзяржустаноў і недахоп спецыялістаў, асабліва медыкаў, настаўнікаў і інжынераў альбо.
Громам сярод яснага неба стала смерць 21 траўня ў шклоўскай калоніі 50-гадовага палітвязня Вітольда Ашурка. У гэтай гісторыі пытанняў усё яшчэ больш, чым адказаў: дасюль невядомая сапраўдная прычына смерці вязня (у праблемы з сэрцам мала хто верыць), згублены дзённік Вітольда, які ён пісаў у зняволенні, а нядаўна была распачатая крымінальная справа супраць тых, хто скандаваў «Ганьба!» пасля абвяшчэння прысуда бярозаўскаму актывісту.
Не менш агаломшвалі прысуды вядомым палітыкам і грамадскім дзеячам — 7 гадоў Паўлу Севярынцу, Яўгену Афнагелю, Андрэю Войнічу; 13 гадоў Эдуарду Пальчысу, 11 гадоў Марыі Калеснікавай, 10 гадоў Максіму Знаку, 14 гадоў Міколу Статкевічу, 15 гадоў Ігару Лосіку, 16 гадоў Ігару Папову, 18 гадоў Сяргею Ціханоўскаму... Гэта адны з найбольшых выракаў, хаця кожны з тэрмінаў, нават меншых, — асобная трагедыя.
Яшчэ адна адметнасць 2021-га — беспрэцэдэнтны ціск на грамадскія арганізацыі і незалежныя СМІ: блакіроўкі сайтаў, прызнанне сацсетак і выданняў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» і нават «экстрэмісцкімі фарміраваннямі». Як вынік — каля 30 журналістаў за кратамі і больш за 350 «забароненых» тэлеграм-каналаў і чатаў.
Пад знішчэнне трапілі як праваабарончыя, так і экалагічныя, культурныя, сацыяльныя або спартыўныя аб’яднанні. Колькасць ліквідаваных арганізацый дасягнула 306, а тых, якія правялі самаліквідацыю — 187.
Пэўна, у якасці «навагодняга падарунка» пад канец года за ўдзел у тых жа ліквідаваных і незарэгістраваных арганізацыях (палітычных партыях, рэлігійных арганізацыях, фондах, іншых грамадскіх аб’яднаннях) дэпутаты пастанавілі ўвесці крымінальную адказнасць. Хоць яшчэ зусім нядаўна, у 2018 годзе, удзел у незарэгістраванай арганізацыі ў Беларусі дэкрыміналізавалі (замест крымінальнай увялі адміністрацыйную адказнасць), але добрага — патроху, вырашылі чыноўнікі.
Адміністрацыйную адказнасць увялі за збор, атрыманне, выкарыстанне грашовых сродкаў, іншай маёмасці, выкананне работ, аказанне паслуг для мэт кампенсацыі расходаў, абумоўленых прыцягненнем асобы да адказнасці за парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў.
Таксама з новага года ўводзіцца крымінальная адказнасць за заклікі да санкцый.
І яшчэ адзін наватвор ад «парламентарыяў»: Палата прадстаўнікоў адразу ў двух чытаннях прыняла законапраект «аб генацыдзе беларускага народа». Генацыдам прапануецца прызнаць «учыненыя нацысцкімі злачынцамі і іх памагатымі, нацыяналістычнымі фарміраваннямі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд злачынствы, накіраваныя на планамернае фізічнае знішчэнне беларускага народа шляхам забойства і іншых дзеянняў, якія прызнаюцца генацыдам у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі і нормамі міжнароднага права». Пры гэтым пад пасляваенным перыядам разумеецца перыяд да 31 снежня 1951 года, а пад беларускім народам «савецкія грамадзяне, якія пражывалі на тэрыторыі Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны і (або) пасляваенны перыяд». Праектам прапануецца ўвесці крымінальную адказнасць за адмаўленне генацыду — за гэта плануюць караць арыштам, або абмежаваннем волі на тэрмін да пяці гадоў, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін.
Гэта не кажучы ўжо пра негалосную забарону на выказванне меркавання не толькі ў публічнай, але і ў віртуальнай прасторы — за неасцярожныя каментары ў інтэрнэце сярод ночы ў хату могуць заявіцца нечаканыя госці ў камуфляжы і са зброяй.
Паляванне на каментатараў у сеціве пачалося яшчэ летась, набрала абароты сёлета пасля авіякатастрофы пад Баранавічамі, у якой загінулі два лётчыкі, а апагею дасягнула пасля вераснёўскай перастрэлкі ў Мінску праграміста Андрэя Зельцэра і супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка, у выніку якой абодва загінулі.
Апроч рэпрэсій, 2021 год запомніцца нам падзеяй, «дзякуючы» якой у свеце побач са словам «Беларусь» з’явілася словазлучэнне «дзяржаўны тэрарызм». Гаворка ідзе пра прымусовую пасадку самалёта Ryanair у Мінску і арышт Рамана Пратасевіча і Сафіі Сапега. Гэта стала штуршком для прыняцця чарговага пакета еўрапейскіх санкцый супраць Беларусі.
У адказ на абмежавальныя меры Еўрасаюза рэжым у Беларусі адказаў міграцыйным крызісам. Праўда, замест таго, каб прымусіць краіны Захаду да дыялогу, ён стаў нагодай для яшчэ аднаго пакета санкцый.
Здаецца, увесь 2021-шы год мы жылі ў чаканні таго, калі гэта ўсё скончыцца, маючы на ўвазе падзеі, якія пачаліся ў 2020-м. Але рэч у тым, што пачалося ўсё значна, значна раней — дзесяцігоддзі, а то і стагоддзі таму назад. Дык ці варта разлічваць на тое, што за адзін год мы вырашым усе праблемы, назапашаныя за такі час? Наўрад ці. Мы будзем ісці сваім шляхам і набіваць свае гузакі роўна столькі, колькі спатрэбіцца для таго, каб кожны адчуў сябе часткай нацыі і ўсвядоміў сваю адказнасць не толькі за ўласнае жыццё, але і за жыццё народа. У нашых інтарэсах, каб гэта адбылося як мага хутчэй. Але, як пісаў Народны паэт Рыгор Барадулін, хай будзе ўсё як будзе.
Але вельмі хочацца, каб у новым годзе ўрокі нарэшце былі засвоеныя і прыйшлі перамены, якіх усе мы так чакаем.