Улады плануюць увесці крымінальную адказнасць за ўдзел у незарэгістраваных і ліквідаваных арганізацыях
А таксама нельга збіраць грошы на штрафы і не толькі.
Сёння ў першым і другім чытаннях дэпутаты прынялі змяненні ў Адміністрацыйны і Крымінальны кодэксы, наступны этап — іх павінны падпісаць Савет Рэспублікі і Аляксандр Лукашэнка.
Паводле змен, за ўдзел у ліквідаваных арганізацыях цяпер будзе прадугледжана крымінальная адказнасць, паведамляе «Зялёны партал» са спасылкай на прэс-службу Палаты прадстаўнікоў.
Гаворка ідзе пра крымінальную адказнасць за арганізацыю
дзейнасці альбо ўдзел у дзейнасці:
— палітычнай партыі;
— іншага грамадскага аб'яднання;
— рэлігійнай арганізацыі;
— фонду,
у дачыненні да якіх маецца рашэнне ўпаўнаважанага дзяржаўнага органа аб ліквідацыі або прыпыненні дзейнасці, што ўступіла ў законную сілу.
Такая ж адказнасць за арганізацыю іх дзейнасці альбо ўдзел у
дзейнасці тых жа суб'ектаў, якія не прайшлі дзяржаўную рэгістрацыю.
Адміністрацыйная адказнасць прапанавана за парушэнне закона «Аб масавых мерапрыемствах», а менавіта:
— забарона на збор;
— атрыманне;
— выкарыстанне грашовых сродкаў;
— маёмасць;
— выкананне работ;
— ці нават аказання паслуг для пакрыцця выдаткаў, якія
адбыліся з-за таго, што чалавека прыцягнулі да адказнасці за парушэнне парадку
арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў.
У 2020-2021 гадах прайшла масавая ліквідацыя грамадскіх арганізацый, уключаючы як праваабарончыя, так і экалагічныя, культурныя, сацыяльныя ці спартыўныя. Колькасць ліквідаваных арганізацый — 306, а тых, якія правялі самаліквідацыю, — 187.