«Са зброяй і ў касках». За леташні марш 1 верасня затрымалі дваіх студэнтаў
Выглядае, што сілавікі ўзяліся за актыўных студэнтаў, якія ўдзельнічалі ў маршы 1 верасня 2020 года. На дваіх завялі крымінальныя справы, паведамляе «Наша Ніва».
Адзін з затрыманых — 20-гадовы Даніла Дарафееў. Ён — студэнт
Інстытута бізнэсу БДУ. Затрымалі хлопца дома ў мінулую сераду.
«Прыйшлі па класіцы а 8-й раніцы. Са зброяй, у касках. Але
дастаткова ветліва сябе паводзілі», — дзеліцца яго бацька.
У «пакаянным відэа», якое апублікавалі праўладныя каналы,
студэнт кажа, што стаяў у счэпках і ўдзельнічаў у галасаванні за план
«Перамога». Наколькі вядома, справу завялі па 342 артыкуле.
«Цяпер ён на Акрэсціна, на гэтым тыдні перавядуць на "Валадарку". Трымаецца бадзёра. Адвакат сказаў, што ад двух да чатырох месяцаў
усё адно будзе сядзець да суда», — тлумачаць сітуацыю родныя.
За мінулагодні марш студэнтаў затрымалі таксама Канстанціна
Шульгу. Яму 22, скончыў Мінскі кулінары каледж. Працаваў і граў у аматарскім
тэатры. Да яго ў кватэру сілавікі прыйшлі ў сераду. Маці ў той час была на
працы.
У праўладных каналах напісалі, што хлопец перакрываў дарогі
і блакаваў рух транспарту. У «пакаянным відэа» Канстанцін кажа, што быў
падпісаны на экстрэміскія каналы Сцяпана Пуцілы, мікрараёна Сухарава, скідваў
відэа ў некаторыя каналы.
Паводле слоў маці, сёння ці заўтра сына будуць пераводзіць на «Валадарку». Раней па пратэсных артыкулах хлопца не судзілі.