Ліквідаваная чарговая няўрадавая арганізацыя — Фонд развіцця Брэсцкай крэпасці
Прэтэнзіі да фонду мелі фармальны характар.

Фонд развіцця Брэсцкай
крэпасці паведаміў у Фэйсбуку
пра сваю ліквідацыю.
8 снежня адбылося судовае пасяджэнне,
ініцыяванае Галоўным упраўленнем юстыцыі Брэсцкага аблвыканкама на падставе праведзенай праверкі. У выніку
абласны суд ухваліў рашэнне ліквідаваць Фонд развіцця Брэсцкай крэпасці.
Прэтэнзіі да фонду мелі фармальны характар, праверка знайшла некаторыя памылкі ў справаводстве.
«На судзе мы часткова пагадзіліся з вынікамі праверкі, але не пагадзіліся з пазовам і з высновамі аб неабходнасці ліквідацыі фонду. На наш погляд, выяўленыя парушэнні не з’яўляюцца падставай для закрыцця, бо не прывялі да ўшчамлення нечых правоў і не паўплывалі ні на вынікі нашай працы, ні на дасягненне мэтаў фонду»,— заявіла дырэктарка фонду Аліна Дзеравянка.
Фонд быў створаны ў верасні 2013 года з мэтай аб’ядноўваць намаганні беларускіх і міжнародных экспертаў у галіне вывучэння спадчыны горада і крэпасці, праводзіць архіўныя даследаванні, садзейнічаць захаванню спадчыны. Фонд падрыхтаваў дзве кнігі пра гісторыю крэпасці і распрацаваў маршруты, якімі актыўна карыстаюцца турысты.
За апошнія гады, нагадвае «Свабода», фонд рэалізаваў больш за 20 праектаў:
- два тамы «Атласа крэпасці Брэст-Літоўск»;
- база даных «Спадчына Брэсцкай крэпасці»;
- новы трансгранічны маршрут з мабільным дадаткам «VeloFort» па фартах крэпасці, «1000 ідэй для 1000-гадоў Брэста»;
- турыстычны гід «From Brest with love» і іншыя.