«Меў гонар падняць паходню паўстання супраць дыктатуры»

Наша сіла нашмат мацнейшая, чым мы сабе ўяўляем. Падсвядома вораг гэта разумее, таму мы і бачым шалёную мітусню з запалохваннямі і шаманскімі скокамі з шаластунамі вакол вогнішча — маўляў, мы таксама маем «ідэю саўдэпіі». Смеху варта! А па факце — яны б’юць нас за грошы, а мы смяёмся ім у твар бясплатна. Наш рэсурс — неабмежаваны!

192697700_3472530966179996_5590861480328424622_n.jpg



Кажуць, Вітольда больш няма. Але я ніколі не паверу ў гэта. Ён жыве ў лістах з-за кратаў, прасякнутых аптымізмам, непарушнай упэўненасцю ў перамозе і такой шляхетнай годнасцю, якой у наш час, бадай, больш не сустрэнеш. І, канешне, у сваіх справах у імя Бацькаўшчыны.
З Вітольдам мы перыядычна бачыліся то на сяброўскіх бяседах у Песках на яго роднай Лідчыне, то на мітынгах у Мінску, то ў Курапатах. Ён быў амаль неразлучны са сваім блізкім сябрам Сяргеем Пантусам — прынамсі, мне рэдка ўдавалася бачыць іх паасобку. У адрозненне ад адкрытага Сержука, Вітольд заўжды заставаўся крыху стрыманым, але яго мяккая прыязная ўсмешка сведчыла: гэта — не ганарлівасць, а хутчэй сарамлівасць.
Напісаўшы першы ліст Вітольду ў лідскую вязніцу, я, канешне, дала маху, адразу пачаўшы зварот на «ты», — і збянтэжылася, атрымаўшы адказ з выкшталцоным «шаноўная пані Дзіяна» і «вы». У наступным лісце Вітольд патлумачыў: «Я прашу звяртацца да мяне як людзям зручней, але сам звяртаюся да людзей толькі на “вы”, пачынаючы ад крымінальнай шпаны і канчаючы аховай. Выключэнні вельмі рэдкія. Гэта дазваляе мне заставацца чалавекам і не дэградаваць».
Што-што, а дэградацыя Вітольду не пагражала. Вось што напісаў пра яго ўжо згаданы сябра Сяргей Пантус:
«Калі Вітольда адпусцілі пасля першых пяці содняў у жніўні, летась, я заўважыў у яго пад вокам невялічкі, жаўтаваценькі сіняк. Спытаў, ці не білі яго. "Ды не, — адказаў Вітольд, — пэўна, трошкі прыляцела, калі круцілі на прыступках райвыканкама, не памятаю, не звяртай увагі, сябра".
Праз пару тыдняў пасля ягонага другога затрымання, з якога ён ужо не вернецца, праз трэція-пятыя вусны даведаўся, што Вітольда моцна збілі ў будынку лідскага райвыканкама ў той вечар.
Ведайце, каты, Вітольд не здаў вас і не скардзіўся, нават у прыватнай гутарцы са мною, са сваім блізкім сябрам.
Ён быў і застаўся назаўжды мацнейшым за вас і вышэйшым на тры галавы!»
Чалавеку, чыім прыкладам жыцця і змагання былі паўстанцы Каліноўскага, памяць якіх ён ушаноўваў, усталёўваючы крыжы па ўсёй Гродзеншчыне, немагчыма дэградаваць нават у вязніцы. Ён здолеў захаваць там сваю годнасць, а сістэма не здолела яго зжэрці. Я перакананая, што сэрца Вітольда перастала біцца ў змаганні — і ён у ім перамог, не паддаўшыся гэтай гнілой цемры, аддаўшы жыццё, але захаваўшы гонар. І яшчэ я перакананая, што калі-небудзь мы абавязкова даведаемся праўду. Як быў перакананы ў нашай перамозе Вітольд.
Хтосьці можа запярэчыць, што, маўляў, яго перакананні не спраўдзіліся і ён загінуў ні за што, так і не дачакаўшыся той самай перамогі. Але не. Сваё зняволенне ён не лічыў дарэмным, хоць, вядома, не прызнаваў ніякай віны: «…Тэрмін у 5 гадоў я ўспрымаю як адзнаку "выдатна" за тое, што меў гонар падняць паходню паўстання супраць дыктатуры сярод самых лепшых людзей Ліды! Сапраўды, для мяне гэта гонар!» — пісаў ён.
Вітольд аддаў жыццё за волю Айчыны, і яго ахвяра — як і ахвяры іншых — не была марнай. Яна насамрэч зрабіла нас бліжэйшымі да нашай перамогі. Толькі цяпер яго словы ўспрымаюцца як прароцтва: з-за турэмных кратаў ён паабяцаў рабіць для гэтага ўсё, што можа, «і нават болей». Ён сапраўды зрабіў «болей». І гэта варта таго, каб у Вольнай Беларусі з’явілася вуліца імя Вітольда Ашурка.
І яшчэ Вітольд напрарочыў, што ў 2021 годзе — «годзе Беларускай Перамогі» — ён выйдзе на волю. Вольным ён сапраўды стаў. Хіба што не паспеў напісаць кнігу і схадзіць з жонкай у тэатр, як планаваў…
…Свой апошні ліст Вітольду я даслала пасля 12 траўня, распавяла ў ім пра суд над Паўлам Севярынцам і актывістамі «Еўрапейскай Беларусі», пажар у Будславе. Даслала паштоўку з выявай Нацыянальнага санктуарыя і вобразам Ісуса Міласэрнага. І вельмі прасіла напісаць адказ.
Я ўсё яшчэ чакаю яго, зазіраючы ў паштовую скрыню, каб убачыць там канверт, падпісаны такім знаёмым, зразумелым почыркам, дзе ляжыць чарговы натхняльны ліст, які нязменна заканчваецца словамі «Жыве Беларусь!»
***Нагадаем, што 21 траўня прыйшла жахлівая навіна: у шклоўскай калоніі спынілася сэрца Вітольда Ашурка, каардынатара Руху «За Свабоду», сябра Партыі БНФ. Што на самой справе здарылася ў калоніі, пакуль невядома.
18 студзеня ў Лідзе на закрытым працэсе Вітольда прысудзілі да 5 гадоў калоніі агульнага рэжым. Яму было 50 гадоў. Апошнія два тыдні ад Вітольда не было лістоў. А перад гэтым ён напісаў пра тое, што ў калоніі ў Шклове «палітычным» нашываюць жоўтыя біркі.
«Палітычных тут не бракуе. Так што сумаваць нагоды няма. Тым больш, што адміністрацыя выдала загад мець жоўты колер бірак на адзенні, і таму палітычных можна адрозніць здалёк», — пісаў палітвязень.
Ашурка судзіў суддзя Максім Філатаў за зачыненымі дзвярыма па двух артыкулах: 364 «Гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў» і 342 «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Па першым артыкуле суд пастанавіў пакараць актывіста чатырма гадамі калоніі, а па другім — двума гадамі і чатырма месяцамі. Шляхам частковага паглынання атрымалася пяць гадоў.
Ашурак нарадзіўся ў 1970 годзе ў вёсцы Агароднікі ля Бярозаўкі. Як і многія іншыя мясцовыя хлопцы, пасля школы ўладкаваўся на шклозавод «Нёман», дзе працаваў выдзьмувальнікам. Працаваў аж да той пары, пакуль завод трохі трымаўся і там плацілі нейкія заробкі. Калі ж у эканамічным плане прадпрыемству стала зусім кепска, то Вітольд адтуль звольніўся.
Пасля гэтага пачаў зарабляць на жыццё будаўнічымі працамі, у яго была брыгада, разам з якой і ездзіў на розныя аб’екты, даязджалі так нават да Століна.
На працягу 2017–2018 гадоў Вітольд Ашурак разам са сваімі паплечнікамі аднавіў між вёскамі Малое Ольжава і Мохавічы мемарыял памяці паўстанцам Каліноўскага.
Ашурка ўпершыню затрымалі 9 жніўня, у дзень выбараў. Суд пакараў актывіста 20 суткамі: 15 — за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве і 5 — за непавагу да суда, адмовіўся ўстаць, калі з’явіўся суддзя. Аднак праз пяць дзён яго адпусцілі, як і амаль усіх тагачасных палітвязняў, што адбывалі адміністрацыйнае пакаранне. Тым не менш, крымінальную справу завялі ўжо тады.
16 верасня Ашурка забралі паўторна. Мала таго, што яму заставалася адбыць 15 сутак з мінулага, дык дадалі яшчэ 15 — за ўдзел у мерапрыемствах у Лідзе ў жніўні-верасні. Калі Вітольду заставалася адбыць 2–3 сутак, яго перавялі ў гродзенскае СІЗА па крымінальным артыкуле.
«Самая вялікая праблема чалавека як індывідуўма — застацца ў самоце і адчуць сваю нязначнасць, нікчэмнасць, — пісаў Вітольд у лісце напачатку красавіка. — Такая самота даводзіць чалавека да вар’яцтва. Але ці самотныя мы з вамі? Нават каб нас змясцілі ў замак Іф, то і там мы не адчувалі б маральнай самоты! Бо мы добра ўсведамляем сабе, што мы — частка беларускай нацыі, супольнасці людзей, аб’яднаных ідэяй пабудовы беларускай дэмакратычнай дзяржавы. Гэтую непарушную сувязь паміж намі нельга забараніць ці знішчыць. Яна належыць толькі нам. Адна з адметнасцей нашага часу — салідарнасць, а гэта і ёсць тая непарушная сувязь!
А ці маюць салідарнасць нашы ворагі?
Рэсурсы захопленай краіны яны маюць. А вось салідарнасці паміж сабою яны якраз-такі і не маюць! Гэта як пабудаваць дом на пяску. Няхай ён і будзе мець моцныя мураваныя сцены, але ён рухне, бо не мае належнага падмурку.
Наша сіла нашмат мацнейшая, чым мы сабе ўяўляем. Падсвядома вораг гэта разумее, таму мы і бачым шалёную мітусню з запалохваннямі і шаманскімі скокамі з шаластунамі вакол вогнішча — маўляў, мы таксама маем “ідэю саўдэпіі”. Смеху варта! А па факце — яны б’юць нас за грошы, а мы смяёмся ім у твар бясплатна.
Наш рэсурс — неабмежаваны! Яны садзяць нас у турмы, а мы дапамагаем адно аднаму. Мы пашыраем сваю прастору і на турмы! Не мы ў аблозе — нашы ворагі адчуваюць сябе прыхаднямі ў акупаванай імі краіне!
Нам застаецца толькі адно — прыняць капітуляцыю знясіленага супастата. І мы гэта зробім! Таму што галоўную перамогу мы ўжо атрымалі — мы адчулі сваю сілу і маральную перавагу.
Памятайце, што 2021 год — год Беларускай Перамогі!»
Выказваем шчырыя спачуванні родным і блізкім Вітольда. Немагчыма выказаць наш смутак...