Шалёны 2021. Палітыка: Беларусаў не спыніць, не стрымаць?
Гэта быў змрочны год. Год, калі беларусы даведаліся, што такое «паліцэйская дзяржава». Але пры ўсім гэтым гэта быў і год мужнасці. Нягледзячы ні на што беларусы заявілі, што спыняцца не збіраюцца. Гэтым артыкулам мы распачынаем серыю публікацый, прысвечаных асноўным вынікам 2021 года.
Студзень
Студзень пачаўся з традыцыйных дваровых маршаў.
Мы наракаем на пазіцыю царквы, але ў студзені ўлады вынеслі папярэджанне БПЦ і прыгразілі, што могуць забараніць яе дзейнасць. У папярэджанні казалася, што царква абавязана прытрымлівацца артыкула 16 Канстытуцыі і артыкула 8 закона «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацый».
У артыкуле 16 Канстытуцыі забараняецца дзейнасць рэлігійных арганізацый, якая скіравана супраць суверэнітэта Беларусі і канстытуцыйнага ладу. А ў артыкуле 8 закона «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацый» — што царква не ўдзельнічае ў дзейнасці палітычных партый, а ў месцах набажэнстваў не дапускаецца мітынгаў і агітацыі.
«Кібер-партызаны» ў студзені прэзентавалі асаблівую версію Telegram для Android з абаронай на выпадак затрымання.
І ў студзені «ініцыятыўная група» грамадзян — блізу ста чалавек, — заклікала пракуратуру звярнуцца ў суд з іскам аб прызнанні бел-чырвона-белай сімволікі экстрэмісцкай.
Люты
З 1 лютага «Новы час» быў выкінуты з шапікаў «Белсаюздруку».
Каля 100 гісторыкаў падпісалі заяву ў абарону нацыянальнага сцяга, які «ініцыятыўныя грамадзяне» прапанавалі прызнаць экстрэмісцкім. За пару тыдняў пад петыцыяй супраць прызнання БЧБ-сцяга экстрэмісцкім сабралі ў тысячу разоў больш подпісаў, чым пад заявай пра гэта. Петыцыя сабрала 102 591 подпісаў.
Петыцыя ў абарону бел-чырвона-белага сцяга з’явілася 29 студзеня. Стваральнік петыцыі — Каардынацыйная рада — адзначыў, што «забарона выкарыстання бел-чырвона-белай сімволікі не абгрунтаваная нічым, акрамя палітычнага ціску на грамадзян, нязгодных з дзеяннямі дзеючых уладаў».
У лютым прайшоў Усебеларускі сход. У прынцыпе, прайшоў безвынікова: «дэлегатаў» на яго даставілі таемна. Аднак і не без скандалу: дэпутатка Мінгарсавета Вольга Цесакова на УНС галасавала супраць, але рашэнне аказалася аднагалосным…
У Брэсце 15 лютага пачаліся два вялікія судовыя працэсы за пратэсты-2020. Адзін з іх быў супраць удзельнікаў «карагоднай справы»: гэтак пачаўся самы буйны палітычны працэс ў Беларусі, па якім ужо асуджана больш за 100 чалавек, і які яшчэ не скончыўся. І ў лютым прайшла першая ў годзе маштабная аблава на незалежных журналістаў і праваабаронцаў: ператрусы адбываліся па ўсёй краіне. Ад самага досвітку сілавікі прыйшлі да журналістаў (пераважна БАЖ) і праваабаронцаў (пераважна з «Вясны»).
Сакавік
З сакавіка афлайн- і анлайн-крама Symbal.by канчаткова спыніла сваю працу на нявызначаны тэрмін.
Выйшаў фільм папулярнага блогера Сцяпана Пуцілы «Залатое дно». У фільме расказваюць пра шматлікія рэзідэнцыі Лукашэнкі — як афіцыйныя, гэтак і «падораныя» блізкімі бізнесоўцамі. Таксама апісаны аўтапарк, якім ён карыстаецца, з машынамі за сотні тысячаў і нават мільёны долараў, у тым ліку і рэтра-аўтамабілі. Асобны фрагмент фільму тычыцца авіяпарку — некалькі самалётаў і верталёт. Прэм’ера фільму адбылася 8 сакавіка, за першыя два тыдні яго глядзелі звыш 460 тысяч чалавек штодня.
Улады адмовілі ў дазволе святкавання Дня Волі — са спасылкай на пандэмію каронавіруса і заклікі шэрагу «экстрэмісцкіх тэлеграм-каналаў» выходзіць на вуліцы. У адказ Святлана Ціханоўсукая запусціла галасаванне на платформе «Голас» па пытанні падтрымкі перамоў з уладамі. За ініцыятыву Ціханоўскай прагаласавала каля 760 тысяч грамадзян. Зразумела, улады да гэтага не прыслухаліся, але была абвергнутая праўладная сацыялогія, якая давала Ціханоўскай 1,5% даверу.
Цэнтр Мінска на Дзень Волі быў аточаны сіламі АМАПа і спецтэхнікі, — а некалькі акцый прайшлі ў мікрараёнах сталіцы.
Беларусі адмовілі ва ўдзеле ў «Еўрабачанні», а «Новы Час» атрымаў папярэджанне Мінінфармацыі, у якім гаварылася, што выданне «способствует нанесению вреда национальным интересам Республики Беларусь».
Красавік
Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў на пасяджэнні пятай сесіі прынялі ў першым чытанні законапраект «Аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму» і папраўкі ў закон аб супрацьдзеянні экстрэмізму.
Нагадаем, што сёння пад вызначэнне «экстрэмізм» трапляюць усе палітычныя справы, звязаныя з пратэстамі. І нават літаратура на нацыянальную тэматыку, як гэта адбылося з кнігай Змітра Лукашука і Максіма Гарунова «Беларуская нацыянальная ідэя».
12 красавіка ў Маскве знік Аляксандр Фядута, быў затрыманы кіраўнік Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, а потым стала вядома і пра затрыманне ў расійскай сталіцы беларускага адваката з ЗША Юрася Зянковіча. Так пачалася справа «гомельскага склепу»: Лукашэнка заявіў, што мовазнаўца Фядута, спецыяліст ЖКГ Кастусёў і юрыст Зянковіч планавалі выкрасці яго сыноў і пасадзіць у склеп пад Гомлем. А распрацавалі аперацыю ЦРУ і ФБР.
Мінгарвыканкам адмовіў арганізатарам у правядзенні «Чарнобыльскага шляху». Прычына тая ж — каронавірус. А Лукашэнка, напужаны «пограбам», падпісаў «лёсавызначальнае рашэнне», паводле якога ў выпадку ліквідацыі першай асобы, улада пяройдзе да «калектыўнага прэзідэнта» ў асобе Савета бяспекі.
Травень
У траўні сілавікі прыйшлі ў «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ». ДФР КДК распачаў крымінальную справу па прыкметах складу злачынства за «ўхіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры». Маўляў, TUT.BY незаконна карыстаўся льготамі, належнымі рэзідэнту Парка высокіх тэхналогій. Аднак, як высветлілася, з рэзідэнтаў ПВТ TUT.BY выкраслілі за дзень да праверкі.
У Мінску прымусова прызямлілі лайнер Ryanair, які выконваў рэйс з Афінаў у Вільню. Пра пагрозу на борце Ryanair паведамілі дыспетчары з Беларусі, Лукашэнка распарадзіўся падняць знішчальнік на перахоп грамадзянскага судна. Пасля пасадкі ў самалёце быз затрыманы Раман Пратасевіч, былы паплечнік Сцяпана Пуцілы, і яго дзяўчына Сафія Сапега. Бомбы на борце самалёта не знайшлі.
Рэакцыя Еўропы не прымусіла сябе чакаць: старшыня Еўрапейскай народнай партыі, былы кіраўнік Еўрапейскай рады Дональд Туск назваў падзеі з бортам Ryanair над Беларуусю актам дзяржаўнага тэрарызму, еўрапейскія авіякампаніі пачалі абмінаць Беларусь, а Еўропа закрыла неба для «Белавія».
Еўрапейскі вяшчальны саюз прыпыніў сяброўства «Белтэлерадыёкампаніі» ў арганізацыі, а генпракуратура вынесла папярэджанне галоўнаму рэдактару «Новага Часу».
Чэрвень
У гэтым месяцы з’явілася першае паведамленне, што на беларуска-літоўскай мяжы затрымалі 52 мігранты. Літва паведаміла, што з пачатку года затрымала 150 мігрантаў, і гэта ў тры разы больш, чым было летась. І гэта можна лічыць пачаткам «мігранцкага крызісу».
РУП «Белпошта» раптоўна выключыла «Новы Час» з падпіснога каталога на 2-е паўгоддзе Такім чынам кіраўніцтва «Белпошты» адрэагавала на папярэджанне генпракуратуры галоўнаму рэдактару. Мы былі гатовыя, і пачалі збіраць адрэсы, каб рассылаць газету ў канвертах — як мы гэта і рабілі да 2018 года.
З’явіліся паведамленні, што ўлады пачалі складаць спісы палітвязняў для вызвалення па амністыі. Некаторым «палітычным» пачалі прапаноўваць пісаць пакаяльныя лісты ў месцах адбыцця пакаранняў, і нават у СІЗА. Такім чынам, ідэя «амністыі» была задоўга да Васкрасенскага.
Еўропа ачомалася пасля захопу рэйсу Ryanair і зацвердзіла чацвёрты пакет санкцый супраць беларускага рэжыму. Санкцыйны спіс складаецца з 78 чалавек і 8 арганізацый, якім замарожваюцца актывы і забараняецца выдача віз у Еўрасаюз. Потым Еўрасаюз увёў сектаральныя санкцыі адносна Беларусі, пад якія трапілі нафтапрадукты, калійныя угнаенні (не ўсе) і быў абмежаваны доступу да рынкаў капіталу ЕСБеларусь у адказ закрыла Прадстаўніцтва ААН па правах чалавека і прыпыніла ўдзел у ініцыятыве ЕС «Усходняе партнёрства».
Ліпень
На дзяржаўных каналах увечары 3 ліпеня паказалі сюжэт, які назвалі «замахам» на дзяржаўнага прапагандыста Рыгора Азаронка. Затым прайшла хваля ператрусаў па ўсёй краіне — пераважна ў актывістаў і ў шэраг рэспубліканскіх і рэгіянальных выданняў.
Вялікую групу мігрантаў затрымалі на беларуска-польскай мяжы. Літва назвала ўзрослую колькасць мігрантаў «гібрыднай атакай» і прапанавала пашырыць санкцыі ЕС адносна Беларусі за перапраўку мігрантаў праз мяжу ў Еўрасаюз. «Выкарыстанне міграцыі ў якасці зброі супраць краін ЕС нават больш цынічнае, чым угон самалёта Ryanair. Я ўпэўнены, што нашы скандынаўскія і балтыйскія калегі пагодзяцца, што рэжымы, якія выкарыстоўваюць мігрантаў у якасці зброі гібрыднага нападу, павінны атрымаць балючы агульны адказ з боку ЕС», — заявіў міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс.
У ліпені ў другі раз сілавікі прыйшлі да журналістаў незалежных СМІ і не толькі. За тыдзень было праведзена не менш за 40 ператрусаў. «Вясна», БХК, Lawtrend, Рух «За Свабоду», часопіс «Імёны», «Гендарныя перспектывы», БАЖ, Таварыства беларускай школы, цэнтр «Супольнасць», ТБМ, Партыя БНФ, Офіс еўрапейскай экспертызы і камунікацыі, аналітычны цэнтр BEROC, сацыялагічная лабараторыя «Новак», Аб'яднаная грамадзянская партыя, Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына», Саюз пісьменнікаў — далёка не поўны спіс арганізацый, якія трапілі пад дэманстрацыйны разгром. Уражвае досыць шырокая раскідка — ад тых, хто займаўся пытаннямі хатняга гвалту і культурніцкімі праектамі, і да палітычных структур.
Паводле даных Беларускай асацыяцыі журналістаў, у Беларусі за апошнія 10 дзён толькі ў рэдакцыях і кватэрах журналістаў адбылося 63 ператрусы.
Палітвязням, якія адбываюць пакаранне ў папраўчых установах адкрытага тыпу (так званая хімія), прапанавалі да 31 жніўня напісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі. Лісты з такім заклікам прыходзілі ад імя ўстановы «Круглы стол дэмакратычных сілаў» і падпісаныя Юрыем Васкрасенскім. Паводле дакументу, падрыхтаваны праект закона аб амністыі, які накіраваны дэпутатам Палаты прадстаўнікоў і вывучаецца профільнай камісіяй. Рыхтуецца спіс асобаў для амністыі, і палітвязням прапануецца «пасадзейнічаць» таму, каб туды трапіць.
Жнівень
Нягледзячы на вельмі сціплыя вынікі, алімпійская зборная Беларусі ўсё ж здолела прыцягнуць да сябе сусветную ўвагу падчас Алімпіяды ў Токіа. Для гэтага аказалася дастаткова здзейсніць спробу датэрміновага прымусовага вывазу з Гульняў лёгкаатлеткі Крысціны Ціманоўскай. Яна абурылася нечаканым уключэннем у эстафету 4 па 400 метраў, бо НАК не здолеў правесці своечасовыя допінг-тэсты тым спартоўкам, якія павінны былі бегчы дыстанцыю. Ціманоўская звярнулася па дапамогу да японскіх паліцэйскіх і здолела ўцекчы ад прымусовай дэпартацыі ў Беларусь.
Літва вырашыла неадкладна вяртаць мігрантаў на тэрыторыю Беларусі.
ЗША, Вялікабрытанія і Канада абвясцілі новыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі. Санкцыі ўключаюць у сябе блакаванне актываў афіцыйных асоб і замарожваюць усе доларавыя актывы дзяржустаноў Беларусі. Яны таксама закрануць абаронны сектар, энергетыку і транспарт, а таксама Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі, які ўзначальвае Віктар Лукашэнка.
Прыватная друкарня «Ролл Прынт» адмовілася друкаваць «Новы час» «ў сувязі са змяненнем вытворчага цыклу і ўзніклымі з-за гэтага вытворчымі складанасцямі». Ніна Багінская выйшла на пікет у цэнтры Мінска ў Дзень незалежнасці Беларусі, у руках яна трымала плакат з надпісам «Новы час».
У Беларусі з’явілася новае слова: «перазатрыманыя». Яно азначае тых, хто павінен быў выйсці на волю пасля арышту, але не выйшаў, бо на іх склалі яшчэ адзін пратакол і яшчэ раз пакаралі арыштам.
Верасень
Першае знакавае паведамленне верасня: «Адбыліся затрыманні на маршы пратэсту ў Мінску на вуліцы Прытыцкага». Беларусы не здаліся.
Прадстаўнікі Кіева катэгарычна адмовіліся вярнуцца ў Мінск да перамоваў па ўрэгуляванні сітуацыі ў Данбасе.
Польшча прыняла рашэнне высылаць нелегальных мігрантаў назад у Беларусь і забараняць ім уезд у Шэнгенскую зону.
Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей заявіў, што прадстаўнікі ААН у Беларусі датычныя да фінансавання беларускіх пратэстаў.
Падчас рэйду КДБ па адным з адрасоў мужчына, узброены паляўнічай стрэльбай, забіў аднаго з супрацоўнікаў. Сілавікі ў адказ застрэлілі мужчыну. Здарэнне адбылося па вуліцы Якубоўскага, 29 у Мінску. Высветлілася, што ўзброены супраціў аказаў айцішнік Андрэй Зельцэр, які працаваў у Epam.
Кастрычнік
Былы кіраўнік Генштаба УС Беларусі генерал-маёр Алег Белаконеў прапанаваў забіць за аднаго загінулага супрацоўніка КДБ 20 або 100 чалавек.
У кастрычніку ўлады акрэслілі тэрмін Канстытуцыйнага рэферэндуму — да канца лютага 2022 года. На адкрыцці сесіі Палаты прадстаўнікоў 4 кастрычніка спікер Уладзімір Андрэйчанка звярнуўся да дэпутатаў з заклікам «арганізаваць грамадскае абмеркаванне канстытуцыйных навацый і правесці рэспубліканскі рэферэндум так, каб яго вынікам стаў агульнанацыянальны кансэнсус».
Беларусь у адказ на санкцыі ЕС прыпыніла пагадненне аб рэадмісіі.
20 кастрычніка ў рэдакцыі «Новага часу», а таксама дома ў галоўнай рэдактаркі «Новага Часу» Аксана Колб і намесніка галоўрэда Сяргея Пульшы прайшлі ператрусы. Пасля заканчэння следчых дзеянняў мы былі вызвалены пад падпіску аб неразгалошванні.
Праз тыдзень Мінінфармацыі заблакаваў сайт novychas.by. Мы трапілі ў пачэсную кампанію з Deutsche Welle і «Настоящее время», якія таксама былі заблакаваныя, бо «распаўсюджвалі гіперспасылкі на экстрэмісцкія матэрыялы». За гадзіну мы перайшлі на novychas.online.
«Ноч расстраляных паэтаў» з 29 на 30 кастрычніка прайшла па ўсім свеце.
Лістапад
ЕС узгадніў новыя крытэры для пятага пакету санкцый супраць беларускага рэжыму. А Лукашэнка і Пуцін падпісалі дэкрэт, які зацвярджае саюзныя праграмы. Праграмы аказаліся далёкія ад версіі 2019 года з палітычнай інтэграцыяй, зацягнутыя па тэрмінах і дэ-юрэ не прывязаныя да канкрэтных пугаў і пернікаў, размытыя ў фармулёўках (гарманізацыя, агульныя падыходы, збліжэнне). Гэта значыць, іх можна тлумачыць па-рознаму і гадамі бадацца за гэтыя трактоўкі.
Улады ліквідавалі Таварыства беларускай мовы — заснавальніка «Новага Часу».
У сувязі з наплывам мігрантаў Польшча часова закрыла памежны пераход у Кузніцы. Пасля там была здзейсненая маштабна спроба прарыву — польскім уладам давялося прымяніць вадамёты і слёзацечны газ. Гэта можна лічыць апагеем «мігранцкага крызісу».
Польшча прыгразіла спыніць чыгуначны рух і ўвогуле закрыць мяжу з Беларуссю. Пасля гэтых пагроз мігранты адышлі. Беларускія ўлады перасялілі іх у лагістычны цэнтр «Брузгі».
Лукашэнка заявіў, што Крым дэ-факта і дэ-юрэ стаў расійскім пасля рэферэндуму і
Снежань
Еўрасаюз ухваліў пяты пакет санкцый у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі. У санкцыйны спіс уключаныя 17 фізічных асоб і 11 арганізацый у сувязі з міграцыйным крызісам і для сінхранізацыі санкцый ЕС з санкцыямі ЗША. Амбасадар Польшчы ў ЕС паведаміў, што рыхтуецца шосты пакет санкцый, які закране некалькі соцень чалавек і кампаній.
Макей заявіў, што Беларусь можа страціць дзяржаўнасць, калі санкцыйны ціск будзе працягвацца.
Юрый Васкрасенскі паабяцаў памілаванне некаторым палітвязням да канстытуцыйнага рэфэрэндуму. Папярэднія яго спробы некага «памілаваць» не далі плёну.
На вуліцы Мінска выйшлі жанчыны ў белым і з памідорамі…
Рэзюмэ
Гэта быў цяжкі год, але… Беларусы здолелі яго прайсці годна, і здабываючы перамогі. Мы не далі зрабіць бел-чырвона-белы сцяг экстрэмісцкім. Пратэсты перайшлі ў «партызанку», але не спыніліся. Нашы гераіні — «жанчыны з парасонамі», што шпацыруюць па Мінску штомесяц. Нашы героі — «кібер-партызаны», якія не толькі выкрылі шмат чаго за год, але і распрацавалі выдатныя праграмы супраціву — той жа «партызанскі тэлеграм», які ўдасканальваецца далей.
І безумоўна, для нас вышэй за ўсіх — актывісты дваровых ініцыятыў, проста неабыякавыя людзі, якія падтрымлівалі «Новы Час» у самыя цяжкія яго часы, распаўсюджвалі газеты, ахвяравалі грошы і час, каб мы працягвалі сваю дзейнасць, нягледзячы ні на што. Менавіта іх падтрымка дае нам сілы, упэўненасць у патрэбнасці нашай працы і дазваляе нам працаваць далей. Без іх мы бы «спякліся» недзе пасярэдзіне года…
Цемра не можа доўжыцца бясконца. Світанак будзе.