Генпракуратура вынесла папярэджанне галоўнаму рэдактару «Новага Часу». Што гэта значыць?

Генпракуратура аб'явіла афіцыйнае папярэджанне аб недапушчальнасці парушэння заканадаўства рэдактару газеты «Новы Час». Тлумачым, што гэта значыць.

photo5400364111759519765_logo.jpg

Генеральная пракуратура ў рамках нагляду за выкананнем Закона Рэспублікі Беларусь «Аб сродках масавай інфармацыі» правяла маніторынг тэматыкі публікацый друкаванага выдання газеты «Новы Час».
На думку пракуратуры, аўтары публікацый выкарыстоўвалі пэўныя выказванні і звароты маўлення, якія спрыялі нагнятанню напружанасці ў грамадстве, распальванню нянавісці і варожасці ў дачыненні да прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў праваахоўных органаў як асобных сацыяльных груп насельніцтва. У сувязі з гэтым намеснік Генеральнага пракурора абвясціў рэдактару газеты «Новы Час» афіцыйнае папярэджанне аб недапушчальнасці парушэння закона.
Гэта папярэджанне галоўнаму рэдактару, іх можна выносіць фактычна па любым артыкуле, бо цяпер такі час, — тлумачыць галоўны рэдактар «Новага Часу» Аксана Колб. — Але за тыя артыкулы, за якія нам выносяць папярэджанні, нам павінны, наадварот, аб'яўляць падзяку, бо мы папярэджваем аб магчымых наступствах ад тых дзеянняў улады і тых норм заканадаўства, якія цяпер прымаюцца.
Галоўны рэдактар звяртае ўвагу, што гэтае папярэджанне не раўназначнае папярэджанню Міністэрства інфармацыі, таму гаворкі пра закрыццё «Новага Часу» не ідзе. Гэта магчыма, толькі калі рэдакцыі будзе вынесена паўторнае папярэджанне.


Тым не менш, гэта чарговы крок па знішчэнні незалежнай журналістыкі. Але я ўпэўненая, што хутка мы з калегамі з іншых незалежных медыя будзем асвятляць зусім іншыя судовыя пасяджэнні і іншыя падзеі ў Беларусі, — перакананая Аксана Колб.