Шрайбман: Самая апазіцыйная частка беларусаў — людзі 35-45 гадоў

Чаму ні ўлада, ні дэмсілы не могуць уцягнуць у свае шэрагі маладое пакаленне беларусаў.

img_9937_logo_1_logo.jpg__1__1.png

— Моладзь была важным кампанентам пратэстаў 2020 года, але не была яго авангардам. Асновай былі ўсё ж такі людзі больш сярэдняга ўзросту. Паводле даследаванняў, сярэдні ўзрост беларускага пратэстоўца быў 37-38 гадоў, —цытуе Арцёма Шрайбмана «Салідарнасць» са спасылкай на інтэрв'ю расійскай блогерцы. — Былі студэнцкія маршы, студэнцкія страйкі, але, у адрозненне ад многіх іншых пратэстаў, асновай гэтага моладзь не была.

Прыкладна гэта ж мы бачым і сёння ў сацапытаннях. Яны паказваюць такую ж карціну, як і ў 2020 годзе: самым палітызаваным сегментам беларускага грамадства, самай апазіцыйнай часткай з пункту гледжання ўзросту, застаюцца людзі 35-45 гадоў.

Моладзь — не больш праўладная, яна больш апалітычная. Прычым па некаторых характарыстыках, маладыя людзі нават апалітычней пенсіянераў.

Безумоўна, беларуская моладзь, па ўсіх даступных нам даследаваннях, — прабеларуская, праеўрапейская, прарынкавая, прадэмакратычная.

Яна галасуе супраць Лукашэнкі, калі адбываюцца выбары. Але ў палітыку гэтыя ж людзі ўцягнутыя ў нашмат меншай ступені, таму што адна справа адказаць на пытанне сацыёлагу «Ты за каго?» — «Я за дэмакратыю», і іншае — нешта для гэтага рабіць.

У дэмакратычных сіл няма зразумелага метаду заматываваць моладзь цікавіцца палітыкай у сітуацыі, калі ўжо пяты год у Беларусі за гэта пераследуюць.

Усё ж такі зваротны стымул нашмат мацнейшы. Рэпрэсіі, страх, падаўленне, усе навокал кажуць: не лезь ты ў гэтую палітыку. Таму і без таго ў сярэднім апалітычная моладзь перамыкаецца на іншыя тэмы.

Працягваючы, аналітык разважае пра трыгеры, якія б змаглі ўздзейнічаць на беларускае грамадства, у тым ліку моладзь для аднаўлення пратэстаў.

— Ёсць такія краіны, як Куба, Венесуэла, дзе было даволі рэзкае падзенне ўзроўню жыцця, асабліва ў Венесуэле даходзіла да нейкіх абсалютна жудасных гісторый з туалетнай паперай.

І хоць гэта прывяло да пратэстаў, гэта не прывяло да якаснага змянення сітуацыі з рэжымам. І гэта прытым, што венесуэльскі рэжым, з пункту гледжання электаральных працэдур, нашмат больш дэмакратычны за беларускі, там ёсць магчымасць абіраць апазіцыянераў ва ўладу.


Глядзіце таксама

Таму для палітызацыі не толькі моладзі, але і грамадства ў цэлым, трэба не толькі адчай, не толькі ступень нейкай незадаволенасці сваім жыццём.

Таму што калі ў цябе ёсць іншыя, больш бяспечныя выхады з гэтай сітуацыі, людзі аддадуць перавагу іх, напрыклад, шмат беларусаў аддаюць перавагу эміграцыі.

Улада заклапочаная велізарным адтокам людзей, у тым ліку моладзі, як самай галоўнай праблемай, і спрабуе іх усяляк утрымаць, не выдаючы дакументы або прапаноўваючы прымусовае размеркаванне пасля ВНУ.

І ў адказ на гэта людзі не аб'ядноўваюцца ў экстрэмісцкія ячэйкі па звяржэнні ўлады, не сыходзяць у падполле, а проста з'язджаюць.

Таму акрамя пагаршэння ўмоў жыцця трэба яшчэ і адчуванне магчымасцяў. Трэба каб у грамадстве было разлітае разуменне, што цяпер ёсць акно для таго, каб нашы намаганні прывялі да нейкага палітычнага змянення.

Такое акно можа з'явіцца ў сітуацыі няўдалага транзіту ўлады, нейкага яе паслаблення ці новай лібералізацыі пры наступнай уладзе — доўгатэрміновых сцэнарыяў, як можна прыйсці ў кропку, калі грамадства зноў адчуе, што ад яго нешта залежыць, шмат.

Але пакуль воля да такога пратэсту паралізаваная менавіта дзеяннямі ўладаў. І людзі аддаюць перавагу іншым рашэнням, сказаў на заканчэнне палітычны аналітык.