Шрайбман: Пасля аслаблення Расіі Беларусь і ўвесь рэгіён будуць цалкам іншымі
Палітычны аналітык Арцём Шрайбман лічыць, што перамога Украіны ў вайне будзе азначаць як мінімум паслабленне Расіі. А паслабленне Расіі — гэта ключавы фактар не толькі для Беларусі, але і для ўсяго рэгіёна.
— Зразумела, што Расія выйдзе з гэтай вайны, калі б яна не скончылася, аслабленай краінай. Краінай, якая будзе значна слабейшай за тую, якая ў яе ўвайшла, — выказаў меркаванне аналітык на канале «Мне тоже не нравится». — Мы разумеем, у якой ступені Лукашэнка і ягоны рэжым залежыць ад той падтрымкі, якую Расія аказвае, і якую, усе ведаюць, можа аказаць.
Гэта стрымлівальны фактар як для наменклатуры, так і для патэнцыйных пратэстоўцаў. Таму што ўсе разумеюць: калі што — Расія ўвядзе войска, калі што — дасць грошы рэжыму, каб закрыць праблему.
Адсутнасць расійскага фактару, на думку Шрайбмана, зменіць рэгіянальныя адносіны і адкрые новыя магчымасці для беларусаў.
— Калі гэтага фактару не існуе, калі Расія слабая, тады беларускі рэжым пачынае нагадваць сабой усходнееўрапейскія камуністычныя рэжымы канца 1980-х.
У той час, калі здараўся кожны крызіс, мясцовы камуністычны князёк ужо не мусіў весці сябе так, быццам бы за яго спінай стаіць магутны Савецкі саюз, а павінен быў ісці на перамовы, на круглыя сталы, не разганяць пратэсты, якія ён мог разганяць у мінулым.
І зараз аслабленне Расіі створыць новую дынаміку, адкрые новыя магчымасці. І таму, мне здаецца, ключавым для траекторыі беларускага транзіту ўлады і для вызвалення Беларусі будзе тэрмін і фармат выніку вайны ва Украіне.
Адбудзецца да такой ступені фундаментальны злом рэгіянальных адносін, што наша краіна і ўвогуле ўвесь рэгіён будуць цалкам іншымі.
Паводле gazetaby.com