Што зноў не так з беларускімі падручнікамі?

Пакуль рэформамі адукацыі ў Беларусі займаюцца не адмысловыя спецыялісты, а чыноўнікі і галоўны спецыяліст ва ўсіх справах, беларуская адукацыя так і застанецца адной з самых адсталых у рэгіёне, складаючы хутка пачэсную канкурэнцыю туркменскай, піша Павел Баркоўскі на партале «Наше Мнение».

Ілюстрацыйны здымак 

Ілюстрацыйны здымак 

Беларусы ўжо звыкліся, што нашу адукацыйную сістэму стала ліхаманіць. Акрамя таго, што няма разумення ані на ўзроўні міністэрства, ані профільных інстытутаў, як гэту сферу трэба развіваць, дык яшчэ перыядычна звальваюцца прамыя указанні «зверху». Вось і гэтым разам, на чарговай нарадзе стары дыктатар, «лепшы сябра усіх навук», у каторы раз распавёў беларусам пра тое, чаму айчынная адукацыя жалю вартая. 

Зноў вінаватымі былі абвешчаны складальнікі падручнікаў, якія прапануюць занадта «складаныя і абстрактныя» схемы выкладання матэрыялу, якія чалавеку з двума вышэйшымі завочнымі адукацыямі падаюцца незразумелымі і адцягнутымі ад жыцця.

Найбольшы гнеў галоўнага адукатара краіны выклікалі перадусім падручнікі з філасофіі, ад якіх ён чакаў прастаты і яснасці метадычкі па дыямаце, дзе ўказаны тры законы дыялектыкі і адзначаны асноўныя перавагі матэрыялізму над ідэалізмам як вырашэнне «галоўнага пытання» філасофіі. На жаль ці на шчасце аўтарскія калектывы, якія ствараюць падручнікі, разумеюць, ці пакуль яшчэ разумеюць, што жыццё і філасофія складанейшыя за дыямацкую метадычку і таму змушаныя гэта так ці інакш рэпрэзентаваць у сваіх тэкстах. Але цяпер напэўна запыт на філасофію савецкіх часоў, з адзіна правільнай ідэалогіяй і суцэльнай крытыкай «буржуазных аўтараў і ідэй».

Глядзіце таксама

У савецкай гісторыі дарэчы ўжо быў правадыр, вялікі знаўца філасофіі, ад імя якога выдалі кніжку «Кароткі курс гісторыі ВКП (б)», які стаў святым пісаннем для савецкіх падручнікаў пры ягоным жыцці, бо там давалася канкрэтная ацэнка, што і як трэба пісаць пра дыялектычны і гістарычны матэрыялізм. Праўда гэта метадычка пратрымалася роўна да смерці правадыра ўсіх народаў і развянчання ягонага культу асобы. Беларускаму правадыру ведаў пэўна на сваю «Рухнаму» ці «Гісторыю УНС» не хапае, таму ён задавальняецца пераважна публічнай крытыкай і дэмагогіяй наконт тых працэсаў, якія сам не вельмі добра разумее.

Зрэшты тое, што сёння пойдуць чысткі ў сістэме вышэйшай адукацыі ў Беларусі, абазнаныя людзі разумелі ўжо даўно. 

Бо кожны, хто цікавіцца гісторыяй пытання, ведае, што на сістэму адукацыі ў Беларусі і якасць падручнікаў Лукашэнка звяртае ўвагу выключна ў адпаведнасці з адукацыйнай кар’ерай сына Колі.

Так, у 2017 г. ён амаль тымі ж словамі на нарадзе расказваў пра кепскі стан падручнікаў па гуманітарных і нават прыродазнаўчых дысцыплінах, тых жа фізіцы і матэматыцы, маўляў «у школе страшна глядзець на падручнікі», і выказаў смелую гіпотэзу, што менавіта праз гэта беларускія дзеці пакутуюць на скалеоз і склероз і мала займаюцца спортам і мастацтвам. Роўна праз два гады манаршага гневу аказаўся варты падручнік па біялогіі, маўляў, зашмат ўвагі тэме чарвякоў у ім прысвечана, што насамрэч з’яўляецца азамі гэтай навукі пра будову жывых арганізмаў.

Глядзіце таксама

Цяпер жа наспеў час філасофіі і іншых прадметаў вышэйшай школы. Самае смешнае, што ліхаманкавыя напісанні новых падручнікаў і «ператрахіванне» праграм і кадраў, якія анансаваў «міністр» Іванец, адбываецца пад рытуальны лямант вярхоўнага гуру, што «перакройваць вучэбныя планы і бясконца выдаваць новыя падручнікі недапушчальна»: маўляў, трэба ўзяць адзін ўзор падручніка (напэўна лепш савецкі) і далей яго «паляпшаць», пэўна ў бок яшчэ больш прымітывізацыі, каб самы галоўны беларускі «вучоны» нарэшце змог яго прачытаць.

Мараль з гэтай гісторыі такая, што пакуль рэформамі адукацыі ў Беларусі займаюцца не адмысловыя спецыялісты, а чыноўнікі і галоўны спецыяліст ва ўсіх справах, беларуская адукацыя так і застанецца адной з самых адсталых у рэгіёне, складаючы хутка пачэсную канкурэнцыю туркменскай.

Таму ўжо сёння дзясяткі тысяч беларускіх студэнтаў выбіраюць заходнюю адукацыю, якая і больш якасная і дазваляе пазбегнуць недарэчнага абавязковага размеркавання, што ўсё больш нагадвае прыгоннае права.

Грамадзяне краіны, якія дбаюць пра лепшую адукацыю для сваіх дзяцей сёння, мусяць разумець, што ўваходжанне Беларусі ў еўрапейскую адукацыйную прастору і рэальныя актуальныя рэформы ў гэтай сферы стануць магчымым толькі разам са зменай дзяржаўнай мадэлі, якая жыве пад слоганам «Наперад у мінулае» і скасаваннем палітычнага валюнтарызму і папулізму.