Шумчанка: «Сістэма сілавікоў, пачынаючы ад шэраговага міліцыянта да начальніка турмы, працуе зладжана, бездакорна»

Зранку 2 красавіка пасля 10 сутак арышту на волю з Жодзінскага ізалятара часовага ўтрымання выйшаў старшыня рады Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Перспектыва» Анатоль Шумчанка.

14ee7470_39c8_4ffd_83f8_3943cb717fb2_w1023_r1_s.jpg


Лідара прадпрымальніцкага руху прэвентыўна затрымалі 23 сакавіка раніцай каля дзіцячага садку, куды ён адвёў дзіця. Чатыры чалавекі ў чорным шапках скруцілі, пасадзілі ў машыну і завезлі ў Маскоўскае РУУС. Там пратрымалі 4 гадзіны і завезлі ў суд Маскоўскага раёна. Абвінавачванні стандартныя: нецэнзурна лаяўся, размахваў рукамі. Суддзя Максім Сушко пакараў 10 суткамі арышту. Першую ноч Шумчанка правёў у ЦІПе на Акрэсціна, а 24 сакавіка раніцай з Акрэсьціна загрузілі 5 аўтазакаў арыштантаў і павезлі ў Жодзіна.
Больш за 5 гадзін людзей трымалі ў аўтазаках, а потым разьмясцілі ў Ізалятары часовага ўтрымання:
«Калі нехта лічыць, што гэта сістэма слабая, што яна вельмі лёгка можа абрынуцца, памыляецца. Гэта ілюзіі. Сістэма сілавікоў, пачынаючы ад шэраговага міліцыянта да начальніка турмы, працуе зладжана, бездакорна. Ніякага ў сілавікоў спачування да людзей, літасці — толькі жорсткасць. Мы не атрымлівалі наогул ніякай інфармацыі звонку, хаця спрабавалі высветліць, каго затрымалі, ці адбылася акцыя 25 сакавіка. Усе маўчалі, як рыбы. І толькі ў чацвер, 30 сакавіка, мне жонка перадала «Народную Волю», і мы хоць штосці даведаліся.
Я сядзеў у адной камеры з Вячаславам Сіўчыкам і Алесем Славінскім з руху «За Свабоду» — яго, дарэчы, забралі каля крамы. Умовы ў гэтым Жодзінскім ІЧУ, які ў народзе называюць «Чорным буслам», жудасныя. Камеры не ацяпляліся, першыя 3 ночы мы спалі ў куртках.
Але я буду працягваць змагацца за эканамічныя правы. Мы ўжо выйгралі некалькі судоў».


Паводле svaboda.org