Таццяна Каравянкова: Застаюся ў статусе падазраванай, але пашпарт вярнулі

У Следчым камітэце Беларусі дапыталі вызваленую ўвечары 9 жніўня журналістку БелаПАН Таццяну Каравянкову па справе аб несанкцыянаваным доступе да кампутарнай інфармацыі.



01_korov.jpg

Допыт працягваўся дзве з паловай гадзіны. Па выхадзе Таццяна сказала журналістам, што па-ранейшаму знаходзіцца ў статусе падазраванай.

Паколькі яна дала падпіску аб няразгалошванні, то не стала адказваць на пытанне — прызнае віну ці не.

— Пашпарт, дакументы — усё вярнулі. — расказала яна “Радыё Рацыя”. — Я магу выязджаць, але абавязаная прыходзіць па выкліку следчага.

— А імя следчага можна назваць?

— Павел Сафронаў. Гэта не сакрэт. Калегам я вельмі ўдзячная за праяўленую салідарнасць, таму што ў першы ж вечар мне зачыталі назвы навінаў, маўляў, усе пра гэта пішуць. Ведаю, што таксама дзяжурылі пад Акрэсціна. І ўчора тут дзяжурылі. Гэта вельмі важна ведаць, што пра цябе думаюць, спрабуюць дапамагчы, спрабуюць нешта зрабіць.

Па словах Таццяны Каравянковай, следчыя цікавіліся ў яе, ці не плануе яна памяняць працу.

“Я адказала, што не планую. І не думаю, што нехта з маіх затрыманых калегаў плануе гэта зрабіць”, — сказала Таццяна Каравянкова.  

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя