Такая розная сацыялогія
Ад пачатку лета ў краіне кожны тыдзень адбываюцца маўклівыя акцыя пратэсту. Незадаволенасць уладамі, калі меркаваць па рэпліках і крэпкіх слоўцах, што сыплюцца на адрас кіраўніцтва краіны ў крамах, на рынках, у грамадскім транспарце, з кожным днём расце. Але афіцыйныя органы ўсяляк імкнуцца стварыць новы міф: нават у крызіснай Беларусі людзі жыццём задаволеныя і больш таго — багацеюць!
Ад пачатку лета ў краіне кожны тыдзень адбываюцца маўклівыя акцыя пратэсту. Незадаволенасць уладамі, калі меркаваць па рэпліках і крэпкіх слоўцах, што сыплюцца на адрас
кіраўніцтва краіны ў крамах, на рынках, у грамадскім транспарце, з кожным днём расце. Але афіцыйныя органы ўсяляк імкнуцца стварыць новы міф: нават у крызіснай Беларусі людзі жыццём задаволеныя і
больш таго — багацеюць!
Інфармацыйна-аналітычны цэнтр (ІАЦ) пры адміністрацыі прэзідэнта Беларусі ў чэрвені бягучага года правёў тэлефоннае апытанне. Атрыманыя вынікі як мінімум мусяць выклікаць гонар за стойкасць
беларусаў. Амаль 60 працэнтаў рэспандэнтаў «задаволеныя сваім жыццём» нават ва ўмовах эканамічнага крызісу. Колькасць незадаволеных жыццём з мая 2011 года, паводле версіі ІАЦ, нават
скарацілася на 4,5% і склала 39%. Яшчэ 9 працэнтаў беларусаў ва ўмовах крызісу адзначылі паляпшэнне свайго матэрыяльнага становішча! Атрымліваецца, што амаль кожны дзясяты беларус на крызісе,
дэфіцыце і дэвальвацыі багацее — краіна цудаў!
У такіх варунках натуральным падаецца, што абсалютная большасць апытаных — 95,6% — не маюць намеру нават «у выключных абставінах» выходзіць на акцыі пратэсту.
Трэба думаць, што беларусы паводле сілы духу — спартанцы, і ніяк не менш. Бо гаварыць праўду ў тэлефонным апытанні пра свае намеры выйсці на пратэстныя акцыі могуць толькі абсалютна мужныя
людзі. Таму што для ўсіх ужо ясна, што нарвацца на штраф або патрапіць «на суткі», асабліва па серадах, нават выпадковым мінакам, а не тое што ўдзельнікам акцый, праблемы не
складае. Але, магчыма, сацыёлагі з ІАЦ усё зразумелі і палічылі правільна. Бо, паводле іх інфармацыі, з мая 2011 года на 6,5% павялічылася колькасць грамадзян, упэўненых у сваёй будучыні, няўпэўненых
стала менш на 5%.
Для балансу прывядзем аналітычную інфармацыю Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS), што грунтуецца на апытанні грамадскай думкі, праведзеным Незалежным інстытутам
сацыяльна-палітычных і эканамічных даследаванняў (НІСЭПД). Паводле іх звестак, у беларускім грамадстве ў чэрвені 2011 года пераважалі песімістычныя настроі. Больш за 60% апытаных упэўненыя, што
сітуацыя ў Беларусі развіваецца ў няслушным кірунку. Гэта рэкордная колькасць ад 2003 года. І ўпершыню за апошнія 10 гадоў больш за палову насельніцтва (55%) мяркуе, што сацыяльна-эканамічнае
становішча ў Беларусі цягам бліжэйшых гадоў пагоршыцца (толькі 12% спадзяюцца, што палепшыцца).
Узровень падтрымкі Аляксандра Лукашэнкі, які па-ранейшаму застаецца дамінантнай палітычнай фігурай, упаў з 55% у снежні 2010 года да 33% у чэрвені 2011-га. Гэткае істотнае падзенне ўзроўню падтрымкі
назіраецца ўпершыню за ўвесь час, што Лукашэнка знаходзіцца ва ўладзе. Доля рэспандэнтаў, якія прылічваюць сябе да апазіцыі цяперашняй уладзе, павялічылася з 19% у снежні 2010 года да 26% у чэрвені
2011.
Нават падзеі 2009 года, на які прыпаў пік сусветнага эканамічнага крызісу, не выклікалі гэткай хвалі песімізму ў беларускім грамадстве, як некалькі апошніх месяцаў ці нават тыдняў — пішуць
аналітыкі BISS. Але, на погляд экспертаў, пакуль не ясна, ці дасягнулі рэйтынгі падтрымкі Лукашэнкі свайго дна або падзенне працягнецца. Занадта рана казаць, ці зможа большасць беларусаў адаптавацца
да новага, паніжанага ўзроўню чаканняў або беларускі рэжым сутыкнуўся з першымі праявамі сапраўднага крызісу даверу ці нават не лаяльнасці большасці. Уяўляецца, што сістэма «сацыяльнага
кантракта» паміж рэжымам і грамадствам у Беларусі разбурылася.
Вядома, гэта не сведчыць, што сённяшні дзень азначае завяршэнне цэлай эпохі. BISS мяркуе, што ва ўлады з’явілася б магчымасць аднавіць давер грамадства, калі б яна ўшчыльную занялася
вырашэннем эканамічных пытанняў, то бок змагла б фінансаваць эканамічную мадэль. Аднак пры адсутнасці дзейснай стратэгіі выйсця з крызісу рэжым відавочна звяртае асноўную ўвагу на пытанні
бяспекі/палітыкі і шукае ворагаў, на якіх можна было б ускласці віну. Чым далей гэта будзе працягвацца, тым менш будзе людзей, якія давяраюць дзейнай уладзе.
Марыя Кароль