«Талака» будзе імкнуцца на выбарах «разам Бацьку біць»
Тое, пра што так доўга, амаль тры месяцы, казалі ў апазіцыйных колах, адбылося. У Мінску прайшла канферэнцыя па стварэнні новай апазіцыйнай кааліцыі. Цяпер яна аформілася фармальна. Афіцыйная яе назва — «Грамадзянскі альянс за справядлівыя і сумленныя выбары для лепшага жыцця «Талака».
Журналісты ўздыхнулі з палёгкай: з’явілася хаця б кароткая назва новага аб'яднання.
Стварэнне кааліцыі прайшло не без эксцэсаў. На пад’ездзе да месца правядзення канферэнцыі міліцыяй было затрымана 14 дэлегатаў з Мінскай, Гомельскай і Гродзенскай абласцей. Тым не менш, даехалі да канферэнцыі 75 дэлегатаў, у выніку чаго было абвешчана — кворум ёсць. Так што канферэнцыя ўсё ж пачала працаваць.
Лідар АГП Анатоль Лябедзька адзначыў, што кааліцыя — палітычная. Таму тым, хто баіцца, яшчэ ёсць час адысці ад спраў. «Мы — палітычная кааліцыя, якая знаходзіцца ў жорсткай прынцыповай каштоўнаснай апазіцыі да ўлады. Гэта значыць, што мы не збіраемся ўбудоўвацца ў існуючую сістэму ўлады. Мы не будзем дамаўляцца, каб кагосьці з нас зрабілі дэпутатам нейкага Савета. Мы не збіраемся прасіць нашых замежных калегаў, каб яны заступаліся за нас», — заявіў Лябедзька.
Паводле яго слоў, сапраўды свабодных і справядлівых выбараў у Беларусі не было ніколі. Але ў 1994–1995 гадах лічылі галасы. Цяпер гэтага няма. І сённяшняя задача — вярнуць сітуацыю з выбарамі хоць бы ў той час, калі галасы лічылі, хай сабе і кепска. І гэтую праблему збіраецца вырашыць «Талака».
«Шмат хто кажа, што наша кампанія ствараецца «пад выбары». Не. Кааліцыя пачынае працаваць, як толькі кіраўнікі канферэнцыі абвесцяць аб яе закрыцці. Гэта не «кааліцыя на выбары», — мы з’явіліся, каб якраз вырашаць пытанне аб свабодных і справядлівых выбарах. Мы, зразумела, не можам ігнараваць выбарчыя кампаніі, але гэта толькі частка працы», — кажа Лябедзька.
Зразумела, Лукашэнка не пойдзе на свабодныя выбары, але ён можа хаця б пагадзіцца лічыць галасы. Гэта адбудзецца, калі, на думку Лябедзькі, істотна павялічыцца колькасць удзельнікаў палітычнага працэсу. У выбарах 2006 года ў камандзе адзінага кандыдата ў прэзідэнты ад апазіцыі было тры з паловай тысячы сябраў ініцыятыўнай групы. Калі такіх будзе 15 тысяч, а на плошчу выйдзе 100–200 тысяч чалавек, то ўсё можа змяніцца.
А ўцягнуць людзей у палітычны працэс можна шляхам правядзення праймерыз кандыдата на пасаду прэзідэнта ад апазіцыі. Калі людзі самі вызначаць альтэрнатыву Лукашэнку.
«У мяне мара: каб наша кааліцыя скончыла сваю дзейнасць як мага хутчэй. Гэта азначала б, што ў краіне прайшлі адносна свабодныя і сумленныя выбары», — сказаў Лябедзька. І на гэтай ноце скончыў прамову.
Доктар юрыдычных навук, прафесар Міхаіл Пастухоў лічыць, што шлях да свабодных выбараў — гэта прыняцце дэмакратычнага выбарчага заканадаўства. Менавіта ў заканадаўстве павінна быць прапісана, каб у выбарчыя камісіі абавязкова ўваходзілі прадстаўнікі палітычных партый і грамадскіх арганізацый. Неабходная адмена датэрміновага галасавання і забяспячэнне ўчасткаў празрыстымі скрынямі для галасавання. І самае істотнае — трэба забяспечыць адкрыты падлік галасоў выбаршчыкаў.
І наогул, добра б выбары ажыццяўляць на аснове асобных законаў: закона аб выбарах прэзідэнта, закона аб выбарах у парламент і закона аб выбарах у мясцовыя саветы. «Наш Выбарчы кодэкс адсталы, і не адпавядае сусветным нормам і патрабаванням», — адзначыў Пастухоў.
Практычна ўсе ўдзельнікі канферэнцыі адзначылі, што ў Беларусі нарастаюць сацыяльна-эканамічны крызіс, карупцыя, прававое бязмежжа. Палітыка ўлады стварае пагрозу для незалежнасці , эканамічнага развіцця і дабрабыту краіны. Улада ўсё больш губляе давер народа, але грамадзяне Беларусі пазбаўленыя права і магчымасці ўплываць на яе дзеянні, па сваёй волі абіраць прэзідэнта, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і мясцовых Саветаў. Каб утрымацца ва ўладзе, рэжым душыць іншадумства, рэпрэсуе сваіх палітычных апанентаў, абмяжоўвае свабоду слова, сходаў і асацыяцый, фальсіфікуе выбары.
У ацэнцы палітычнай сітуацыі ў Беларусі сябры “Талакі” адзіныя
Мэта кааліцыі — дабіцца ліквідацыі аўтарытарнага рэжыму і вярнуць грамадзянам Беларусі аднятыя ў іх законныя правы: у першую чаргу, права свабоднага выбару ўлады і курсу краіны. «Беларусь павінна быць незалежнай, дэмакратычнай, еўрапейскай краінай», — гаворыцца ў пагадненні аб стварэнні «Талакі».
Пра гэта добра выказаўся адзін з ініцыятараў стварэння «Беларускага руху» Вінцук Вячорка. «Наша пагадненне каштоўнаснае. Галоўнае ў нас — непрыняцце ператварэння ўлады ў «гаранта дэмакратыі» і «гаранта незалежнасці». Дыктатура сама па сабе ёсць пагроза для незалежнасці, — узамен на самазахаванне яна прадасць усё, што заўгодна, і незалежнасць таксама», — адзначыў Вячорка.
Такім чынам, новая кааліцыя лічыць, што спосабам ліквідацыі аўтарытарнага рэжыму павінны стаць справядлівыя і сумленныя выбары. Для дасягнення пастаўленай мэты неабходна аб’яднанне намаганняў не толькі палітычных структур, але большасці прыхільнікаў пераменаў, у тым ліку незалежных прафсаюзаў, грамадскіх арганізацый, праваабаронцаў, экалагічных і сацыяльных ініцыятываў, свабодных СМІ і неабыякавых грамадзян.
Стваральнікі «Талакі» адзначаюць, што ў грамадзян Беларусі, згодна з Канстытуцыяй, ёсць не толькі абавязкі, але і правы. У прыватнасці, абірацца ў органы ўлады, свабодна агітаваць за і супраць абрання любога чалавека, галасаваць у дзень выбараў, а не датэрмінова, тым самым зводзячы да мінімуму фальсіфікацыі, стаць сябрам выбарчай камісіі, у тым ліку яе кіраўніком, і дамагацца празрыстага і сумленнага падліку галасоў, пісаць асобную думку ў выніковых пратаколах, калi ўстаноўлены факты фальсіфікацыі, стаць назіральнікам і гэтак далей.
Калі людзі пачнуць карыстацца сваімі правамі і аб’ядноўваць у гэтым напрамку намаганні, то хутка адновяць права быць гаспадаром сваёй краіны.
У патрабаваннях вярнуць народу выбары аб’ядналіся раней непрымірымыя апаненты: і правыя, і левыя
Таму яны запрашаюць да супрацоўніцтва ўсіх, каго турбуе цяперашні стан рэчаў і хто хоча змяніць сітуацыю ў лепшы бок.
Патрабаванні да ўлады простыя: забяспечыць празрыстую для назіральнікаў працэдуру падліку галасоў, якая гарантуе, што вынікі выбараў будуць строга адпавядаць таму, як прагаласавалі выбаршчыкі; абавязкова ўключаць у склад выбарчых камісій прадстаўнікоў усіх кандыдатаў, а таксама прадстаўнікоў палітычных партый і іншых грамадскіх аб’яднанняў, якія прымаюць удзел у выбарах; спыніць прымус грамадзян да датэрміновага галасавання.
«Разам мы даб’емся адстаўкі сённяшняй Цэнтральнай выбарчай камісіі і яе старшыні, якая не хавае сваёй паслуговасці перад выканаўчай уладай і прымае не прававыя, а палітычна матываваныя рашэнні», — лічыць «Талака».
«Талака» будзе імкнуцца стварыць адзіную стратэгію дзеянняў, сфармаваць адзіную каманду і вызначыць адзінага кандыдата ад альянсу на прэзідэнцкіх выбарах. «Неад'емнай часткай нашай кампаніі будзе вызначэнне персанальнай альтэрнатывы Лукашэнку на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года. Мы лічым, што часы кулуарных пагадненняў прайшлі. Неабходна імкнуцца да таго, каб адзінага кандыдата назвала, а затым падтрымала максімальна вялікая колькасць людзей, якія не згодныя з існуючымі парадкамі і жадаюць пераменаў да лепшага. У гэтых мэтах мы прапануем арганізаваць адкрытую для ўдзелу ўсіх грамадзян працэдуру народных выбараў альтэрнатыўнага ўладзе кандыдата ў прэзідэнты», — заяўлена ў мемарандуме «Талакі».
Аб стварэнні кааліцыі «За сумленныя, справядлівыя выбары для лепшага жыцця «Талака» было абвешчана ў канцы жніўня. Да яе далучыліся АГП, партыя «Справядлівы свет», чатыры аргкамітэта — па стварэнні Партыі працоўных, Беларускай жаночай партыі «Надзея», грамадскага праваабарончага аб’яднання «За справядлівыя выбары» і «Беларускага руху», а таксама арганізацыя «Маладая Беларусь» пад кіраўніцтвам Артура Фінкевіча.
Фота Сяргея Пульшы