Тэлеграм-каналы вядомых беларусаў прызналі «экстрэміцскімі»

Пра чарговае папаўненне спіса «экстрэмісцкіх матэрыялаў» паведаміла «Вясна».

Андрэй Хадановіч. Фота: Павел Мазур, Інстытут культуры Віла Дэцыуса

Андрэй Хадановіч. Фота: Павел Мазур, Інстытут культуры Віла Дэцыуса

У спіс яго трапілі тэлеграм-чат «Khalezin Chat», які належыць Мікалаю Халезіну, старонка ў фэйсбуку «BY ORG Альтэрнатыва», два тэлеграм-каналы паэта Андрэя Хадановіча — «ХАДАНОВIЧ I CHADANOVIC» (і яго лагатып), «Андрэй Хадановiч».

У спіс таксама дадалі тэлеграм-канал і старонка ў фэйсбуку выдання «Беларускае Радыё Рацыя», а таксама іх лагатыпы.

Мікалай Халезін — сузаснавальнік беларускага Свабоднага тэатру, рэжысэр нашумелай опэры «Дзікае паляваньне караля Стаха».

Андрэй Хадановіч — вядомы беларускі паэт і перакладчык. Аўтар уласнага праекту пра літаратуру на плятформе YouTube.

Беларускае Радыё Рацыя — радыё, заснаванае ў Беластоку беларускай нацыянальнай меншасьцю. Вяшчае на беларускай мове, мае як грамадзка-палітычныя, так і забаўляльныя праграмы. На FM-хвалях радыё сягае таксама часткі тэрыторыі Беларусі і Літвы. Упершыню выйшла ў этэр 3 кастрычніка 1999 году, спыніла працу ў 2002-м, але аднавіла ў 2006-м. У лютым 2022 году Генэральная пракуратура РБ абвясьціла матэрыялы сайту радыё экстрэмісцкімі.

BY ORG «Альтэрнатыва» — грамадзкае аб’яднаньне, што існуе з 2012 году. Спэцыялізуецца на арганізацыі і правядзеньні культурна-асьветніцкіх, інфармацыйных, сацыяльных акцый і кампаній. Зарэгістраванае ў адной з краін Эўрапейскага зьвязу.


Глядзіце таксама

Як нагадвае «Свабода», 14 траўня 2021 году быў падпісаны закон «Аб зьмене законаў у пытаньнях супрацьдзеяньня экстрэмізму», які набыў моц 14 чэрвеня. Раней праект у Палату прадстаўнікоў унёс урад, 2 красавіка яго прынялі ў першым чытаньні, а 16 красавіка — у другім. Нягледзячы на тое, што зьмены закранаюць правы, свабоды і абавязкі грамадзян і юрыдычных асобаў, публічныя абмеркаваньні не праходзілі.

У Беларусі прызнаныя экстрэмісцкімі звыш 300 тэлеграм-рэсурсаў.

Тэлеграм-канал можа прызнавацца як экстрэмісцкім матэрыялам, так і экстрэмісцкім фармаваньнем. Калі ў яго статус «экстрэмісцкага фармаваньня», ягоныя падпісчыкі таксама могуць стаць фігурантамі крымінальных спраў. У той жа час падпіска на каналы, якія прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі», не караецца — пры ўмове, што падпісчык не аказвае падтрымкі ў папулярызацыі каналу: не рэпосьціць, не пералічвае грошай, не зьлівае туды інфармацыю.

«Матэрыялы» і «фармаваньні» сілавікі разьмяжоўваюць так: «экстрэмісцкія матэрыялы» — гэта тое, што робіць чалавек, а «экстрэмісцкія фармаваньні» — тыя, хто робіць.

Пры гэтым у МУС Беларусі адзначаюць, што стваральнікам, арганізатарам і ўдзельнікам экстрэмісцкіх фармаваньняў пагражае пазбаўленьне волі да 7 гадоў.

Першыя экстрэмісцкія фармаваньні ў Беларусі вызначылі ў сярэдзіне кастрычніка — інтэрнэт-рэсурсы dze.chat і «Рабочы рух». Цяпер іх ужо дзясяткі.

Прыцягнуць да адказнасьці за «экстрэмізм» цяпер могуць па цэлым шэрагу напрамкаў.

Экстрэмісцкія матэрыялы — рашэньне суду, якое прымаецца ў дачыненьні да інфармацыі.

Экстрэмісцкая група — устойлівая кіраваная група ў колькасьці дзьвюх ці больш асоб, якія папярэдне аб’ядналіся для ажыцьцяўленьня экстрэмісцкай дзейнасьці.

Экстрэмісцкая арганізацыя — арганізацыя, якая ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць, альбо якая аказвае іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, або якая прызнае магчымасьць яе ажыцьцяўленьня ў сваёй дзейнасьці, альбо якая фінансуе экстрэмісцкую дзейнасьць, у дачыненьні да якой прынята і ўступіла ў законную сілу рашэньне суду аб прызнаньні яе экстрэмісцкай.

Экстрэмісцкае фармаваньне — група грамадзян, якая ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць, альбо якая аказвае іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, або якая прызнае магчымасьць яе ажыцьцяўленьня ў сваёй дзейнасьці, або якая фінансуе экстрэмісцкую дзейнасьць, у дачыненьні да якой прынята рашэньне Міністэрства ўнутраных спраў або Камітэту дзяржаўнай бясьпекі аб прызнаньні яе экстрэмісцкай.