Тэлевізія Zala анансуе паказ у Беларусі фільму расейскай прапаганды «Донбасс. Окраина»

Тэлеканал «Кинопремьера» са складу пакетаў тэлевізіі Zala анансуе трансляцыю расейскага прапагандысцкага фільму «Донбасс. Окраина». Паказ запланаваны на вечар 25 верасня 2019 году. Публікуем зварот да кіраўніцтва РУП «Белтэлекам» з заклікам не дапусціць трансляцыі гэтай стужкі на тэрыторыі Беларусі.

05_3_642x336.jpg

Асноваю сюжэту чарговага твору расейскай прапаганды сталася інтэрпрэтацыя падзеяў жніўня 2014 году, калі адбываліся паўнамаштабныя баявыя дзеяньні на тэрыторыі Данбасу.
Кінастужку сфільмаваў Рэнат Даўлець’яраў (рас. – Ренат Давлетьяров), расейскі рэжысёр, большасці карцінаў якога адпавядае статус так званага «B movie» (другасныя малабюджэтныя камерцыйныя фільмы). Паказальна, што ягоны фільм «Донбасс. Окраина» на вядомым кінапартале і найбуйнейшай у свеце міжнароднай базе дадзеных пра кінематограф – IMDb – мае рэйтынг сьмеццевага ўзроўню – ўсяго 3.0 балаў.
Гэты кінатрэш стаўся своеасаблівай квінтэсенцыяй расейскай прапаганды пра баявыя дзеянні на Усходзе Украіны. У ім выкарыстаны ўвесь набор тыповых клішэ і штампаў расейскага агітпрапу: «гражданская война на Украине», «зверства ВСУ», «убийства мирного населения Донбасса», «карательная операция Киева» і г.д.
Вельмі паказальна, што гэты прадукт інфармацыйнай вайны супроць Украіны быў створаны не ў павільёнах расейскіх кінастудыяў, але на натурных пляцоўках акупаванага Расеяй Крыму. 10 чэрвеня 2019 году адбыўся ягоны прэм’ерны паказ на тэрыторыі тэрарыстычнага ўтварэння «ДНР», на якім асабіста прысутнічаў ягоны лідэр Дзяніс Пушылін.
Сцэнар фільму напісаў Аляксей Цімошкін (рас. – Алексей Тимошкин), які асабіста прыязджаў на акупаваную тэрыторыю Данбасу. Цікава, што пасьля прэм’еры Цімошкін вельмі нэрвова рэагаваў на вялікую колькасьць крытычных заўвагаў што да мастацкіх якасьцяў фільму, а таксама на абвінавачваньні ў зарабленьні грошай на вайне.
Варта нагадаць, што ў сакавіку 2017 году пасля зваротаў беларускай грамадскасьці да кіраўніцтва тэлеканалу «АНТ» быў скасаваны запланаваны паказ яшчэ аднаго прапагандысцкага расейскага фільму «Крым» рэжысёра Аляксея Піменава. Гэтая стужка таксама была прыбраная і з запланавага пракату ў Беларусі.
"З улікам усяго пададзенага вышэй беларуская служба міжнароднай валанцёрскай супольнасьці InformNapalm звяртаецца да кіраўніцтва РУП «Белтэлекам» з заклікам не дапусціць трансляцыі на тэрыторыі Беларусі фільму расейскай вайсковай прапаганды «Донбасс. Окраина» з дапамогаю тэхнічных сродкаў інтэрактыўнага тэлебачання Zala.
Рэспубліка Беларусь спрабуе выступаць у якасці донару міжрэгіянальнай бяспекі і надае на сваёй тэрыторыі перамоўную пляцоўку што да ўрэгуляваньня сытуацыі на Данбасе. Паказ прапагандысцкага фільму будзе спрыяць заангажаванню Беларусі ў расейскую інфармацыйную агрэсію супроць Украіны і значнаму нівеляванню дасягнутых станоўчых вынікаў міждзяржаўных украінска-беларускіх узаемінаў. Апроч гэтага, у выніку трансляцыі гэтага фільму значная колькасць з ня менш за 1,5 млн абанентаў інтэрактыўнае тэлевізіі Zala патэнцыйна могуць патрапіць пад дэструктыўнае ўздзеянне расейскай вайсковай прапаганды з непрадбачанымі і небяспечнымі наступствамі".
Паводле informnapalm.org