Тэмпературныя рэкорды ў Беларусі абнаўляліся 13 дзён запар
Трынаццаць дзён запар (з 4 па 16 чэрвеня) у Беларусі абнаўляліся тэмпературныя рэкорды.
Апошнімі днямі на тэрыторыю краіны пачало паступаць больш халоднае паветра, таму 15 чэрвеня новыя максімумы тэмператур былі зафіксаваныя толькі на поўдні Берасцейскай і Гомельскай абласцей, а 16 чэрвеня рэкорд дня не ўтрымаўся толькі ў Пінску — 32,6 градуса цяпла (было 31,7 у 2007 годзе), сведчыць праведзены БелаПАН параўнальны аналіз аператыўных карт тэмператур і архіва Белгідрамета на рэсурсе meteoinfo.by.
У асобных раёнах на паўночным захадзе дзённая тэмпература 16 чэрвеня не дасягнула і 20 градусаў (у Ашмянах было 19,3, у Лынтупах — 19,9).
Прайшлі дажджы рознай інтэнсіўнасці. У Івацэвічах выпала 28 мм ападкаў, або 28 л вады на квадратны метр тэрыторыі (38% месячнай нормы), у Ганцавічах — 21 мм (24%), Лідзе — 17 мм (22%), Мінску — 12 мм (13%).
На працягу цяперашняга перыяду анамальна гарачага надвор’я ў шэрагу гарадоў, уключаючы Мінск, абнавіліся экстрэмумы чэрвеня за ўвесь перыяд метэаназіранняў.
Самым спякотным днём было 12 чэрвеня — у Жлобіне паветра прагрэлася да 34,7 градуса. Да паўтарэння абсалютнага рэкорду першага летняга месяца для ўсёй тэрыторыі краіны не хапіла 0,9 градуса (35,6 у Беразіно 23 чэрвеня 1964 года).