Тры гады «хіміі» і больш за 21 тысячу рублёў кампенсацыі: палітвязня судзяць за спыненне тралейбуса ў жніўні 2020-га

Суд Ленінскага раёна Мінска 29 верасня пачаў разгляд крымінальнай справы Кірыла Чарткова, якога вінавацяць у «арганізацыі або актыўным ўдзеле у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак» (арт. 342 КК РБ).

Кірыл Чарткоў

Кірыл Чарткоў

Справу разглядае суддзя Юлія Шут, дзяржабвінаваўца — пракурор Вердыш.
Палітвязня Кірыла Чарткова затрымалі 14 жніўня 2021 года, да суда ён быў змешчаны пад варту ў СІЗА №1.
З матэрыялаў следства вядома, што 11 жніўня 2020, прыкладна каля апоўначы, Чарткоў прыняў удзел у «дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»: далучыўся да неўстаноўленых асоб і рухаўся па праспекце Пушкіна, Прытыцкага і Кальварыйскай, што пацягнула за сабой парушэнне працы транспарту і прадпрыемстваў. Выкрыкваў лозунгі і гучна пляскаў далонямі, парушаючы спакой грамадзян. Каля дома №37 на вуліцы Кальварыйскай перагарадзіў рух транспарту.
Сваю віну прызнаў часткова.
Але паведаміў, што спыняў тралейбус 77 маршрута. Астатняга транспарту там не было.
У судзе патлумачыў, што 10 жніўня 2020 выйшаў на вуліцу праз заклікі ў інтэрнэце. З дому пайшоў на Кальварыйскую паглядзець, што адбываецца ў горадзе.
Прызнаўся, што спыніў тралейбус 77, каб саступіць месца хуткай дапамозе. Пастаяў каля хвіліны. Потым, калі кіроўца папрасіў адысці, ён адыйшоў у бок.
У судзе, у сувязі з істотнымі супярэчнасцямі, агучылі паказанні, дадзеныя раней, 2 верасня 2020 года. Там абвінавачаны сведчыў, што свядома спыняў транспарт, каб не маглі праехаць аўтамабілі, стварыць затор, каб не маглі праехаць аўтазакі і не змаглі затрымаць мірных пратэстоўцаў і збіць іх.
Суддзя запытаўся, чаму ён хаваўся ад следства?

— Я не хаваўся, быў у сварцы з маці і дома не жыў. Працаваў доўгі час вахтавым метадам.

Мінск, Пушкінская, 10 жніўня 2020 года. Фота: «Наша Ніва»

Мінск, Пушкінская, 10 жніўня 2020 года. Фота: «Наша Ніва»



Што вядома пра абвінавачанага?

Кірыл Чарткоў нарадзіўся ў 2002 годзе, працуе камплектоўшчыкам на прадпрыемстве «Мотэкс» у Мінску. Сям’і пакуль не мае.Абвінавачанне просіць прызнаць па справе грамадзянскім пазоўнікам прадпрыемства «Мінсктранс» і задаволіць матэрыяльную прэтэнзію, звязанаю з парушэннем працы грамадскага транспарту, у памеры 21 667 рублёў 87 капеек.
У суд запрасілі сведак: Анастасію Чарткову, маці абвінавачанага. Яна адмовілася ад дачы паказанняў. Сведка Кірэйчык на пасяджэнне не з’явіўся.
Далей у судзе дапыталі былую дзяўчыну Чарткова. Яна патлумачыла, што бачыліся з абвінавачаным толькі днём. Ён прыходзіў да яе. Хадзілі на вуліцу разам прагуляцца. Увечары не хадзіла нікуды, бо ёй не было яшчэ 18 гадоў.
Наступны сведка — кіроўца грамадскага транспарту (тралейбуса №77) Яўген Чаркаш — гаварыў, што, калі ехаў у парк, было каля 12-й гадзіны ночы. На «Пушкінскай» спыніўся некалькі разоў, бо стаялі машыны. Людзі былі ўжо бліжэй да вул. Гусоўскага. Спыніўся трохі, потым праехаў. На Харкаўскай яшчэ раз спынілі.
Высадзіў пасажыраў раней, паколькі пасажырам хутчэй было дайсці. Павінен быў ехаць з Сапёраў на Сухарава, але потым змянілі маршрут — і з Сапёраў адразу паехаў у парк.
Абаронца Чарткова запрасіла прадстаўніка «Мінсктранса», юрыстконсульта Анастасію Кузняцову, прадставіць эканамічныя разлікі ненесенай прадпрыемству шкоды.
Пытанні адваката да пазоўніка.
— Якім чынам рабіўся разлік?
 Робяць службовыя асобы прадпрыемства, іх можна дапытаць у судзе. Сама не ведаю як.
Спыталі, як туды патрапілі трамваі. Адказала, што ўсё пазначана ў актах, якіх з сабой у яе няма.
— Якім чынам тралейбусны маршрут №77 рухаецца?
— Прабачце, я пра 77-ы маршрут пачула толькі сёння. Я не магу нічога патлумачыць.
Хто канкрэтна складаў разлік — не ведае.
Дзяржабвінаваўца ў спрэчках сказаў, што дзеянні абвінавачанага кваліфікаваныя правільна. Змякчальных і абцяжарваючых абставінаў не выяўлена. Папрасіў прызнаць Чарткова вінаватым і прызначыць тры гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу.
Аплаціць працэсуальныя выдаткі, звязаныя з вышукам абвінавачанага ў памеры 30 базавых велічынь.
Грамадзянскі пазоўнік дадаў: у выпадку прызнання вінаватым спагнаць з яго суму ў памеры 21 тысячы 667 рублёў.

Пазіцыя адваката

Абвінавачаны не прызнаў віну ў частцы парушэння працы іншых маршрутаў, акрамя №77. Не перакрываў рух на Прытыцкага і на праспекце Пушкіна. Прад'яўленае абвінавачанне не знайшло свайго пацвярджэння як на папярэднім следстве, так і ў судзе. Не знайшло свайго пацвярджэння і тое, што падабаронны дзейнічаў у групе асоб.
Просіць апраўдаць у сувязі з адсутнасцю ў дзеяннях Чарткова складу злачынства.
Прысуд будзе абвешчаны ў 14.30 30 верасня.
spring96.org