Турыстаў у Іўі затрымалі за фота ЗАГСа

Міліцыя Іўя затрымала турыстаў за фатаграфаванне мясцовага ЗАГСу і кінатэатра.



zabaronena.jpg

Мінскі блогер распавёў чарговую гісторыю пра забарону здымаць адміністрацыйныя будынкі. Калі апошнія два скандалы былі звязаныя з журналістамі, то ў гэтым разам у прыгоды патрапілі простыя грамадзяне.

Блогер budgawl напісаў на сваёй старонцы ў «Жывым часопісе» аб тым, чым скончылася для кампаніі ягоных сяброў паездка ў Іўе 7 сакавіка.

У момант, калі турыстка, знаходзячыся на цэнтральнай плошчы горада Іўя, фатаграфавала кінатэатр і бібліятэку, да яе падышоў міліцыянт.

— А што вы фатаграфуеце? Дакументы ёсць? А адкуль прыехалі? — спытаў ён і запрасіў прайсці ў аддзяленне, чамусьці забараніўшы карыстацца тэлефонам.

Сябры затрыманай знаходзіліся ў іншым канцы плошчы і толькі выпадкова заўважылі працэс. Адзін з іх — аўтар нататак — пайшоў «здавацца» добраахвотна.

— Добры дзень, нейкія праблемы? — спытаў ён.

— А цяпер высветлім, што вы тут робіце, — адказаў супрацоўнік міліцыі.

У аддзяленні, куды даставілі затрыманых, доўга разглядалі іх пашпарты і правяралі наяўнасць судзімасцяў і прыцягненняў. Затрыманых здзівілі пытанні міліцыянтаў.

— Навошта мы прыехалі ў Іўе? Калі? Як? Хто параіў ехаць менавіта ў Іўе? Навошта мы наогул кудысьці выбіраемся, што глядзім і для чаго? Навошта нам фота горада і менавіта гэтых будынкаў? Дзе працуем? — пыталіся супрацоўнікі.

Дзесьці праз гадзіну допытаў і бясплённых пошукаў парушэнняў турыстаў папрасілі паказаць фатаграфіі і выдаліць тыя, на якія трапілі пракуратура, пажарная частка, выканкам, бібліятэка і ЗАГС.

Пасля выдалення здымкаў міліцыянт вярнуў пашпарты і папрасіў прабачэння за прычыненыя нязручнасці.


spring96.org