TUT.ВY пазбавілі льгот ПВТ па просьбе ДФР за дзень да атакі на партал

Правы на льготы рэзідэнта Парка высокіх тэхналогій ТАА «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ» пазбавілі па хадайніцтве Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю.

8nb_7126_hdr_1_1200x560_1.jpg


Сёння ў Эканамічным судзе Мінска праходзіць падрыхтоўчае судовае пасяджэнне па пазове партала TUT.ВУ да адміністрацыі Парка высокіх тэхналогій. ТАА «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ» накіравала ў суд заяву аб прызнанні несапраўднай пастановы назіральнай рады ПВТ аб страце права на льготы ў 2019-2021 гадах, перадае TUT.ВY.

Па хадайніцтве Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю суд прыняў рашэнне правесці пасяджэнне ў закрытым рэжыме.

Як высветлілася ў ходзе судовага пасяджэння, падставай для пазбаўлення правоў на льготы рэзідэнта Парка высокіх тэхналогій ТАА «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ» паслужыў ліст ад 17 траўня 2021 года за подпісам намесніка старшыні КДК Ігара Маршалава на адрас дырэктара ПВТ Усевалада Янчэўскага.

У паўтарастаронкавым дакуменце ўказваецца, што «падчас вывучэння фінансава-гаспадарчай дзейнасці Таварыства атрыманыя доказы таго, што з моманту набыцця ТАА“ТУТ БАЙ МЕДЫЯ” статусу рэзідэнта ПВТ у 2019 годзе па цяперашні час фарміраванне часткі выручкі ажыццяўлялася за кошт выкарыстання праграмнага забеспячэння трэціх асоб».

Якія менавіта «доказы» былі атрыманыя, КДК у сваім лісце не ўдакладніў, але папрасіў унесці прадстаўленне ў назіральную раду і разгледзець пытанне аб страце ТАА «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ» права на льготы ў 2019, 2020 і 2021 гадах.

ПВТ прыняў рашэнне аб страце льгот шляхам галасавання (за — 8 галасоў, 0 — супраць, 0 — устрымаліся).

А 18 траўня сілавікі прыйшлі ў офісы TUT.ВY і да супрацоўнікаў партала. Па справе TUT.ВY затрыманыя 15 нашых калег: Людміла Чэкіна, Марына Золатава, Вольга Лойка, Алена Талкачова, Анжэла Асад, Ірына Рыбалка, Марыя Новік, Ала Лапатка, Аляксандр Дайнека, Андрэй Аўдзееў, Сяргей Павалішаў, Дар’я Данілава, Кацярына Ткачэнка, Ірына Касцючэнка і Юлія Чарняўская.

У сувязі з тым, што ў ТАА «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ» заблакаваныя ўсе рахункі, кампанія не можа больш аплачваць арэнду офіса ў Мінску. Раніцай 7 ліпеня супрацоўнікі бізнес-цэнтра «Omega Tower» знялі з флагштока сцяг TUT.ВY.