Тыднёвы трэшачок. Куды ўцякаў палкоўнік Базанаў, каму даспадобы «Іўеўскі памідор»?
Чарговы тыдзень мінуў, і новая порцыя лукашэнкаўскага абсурду выпала ў асадак. Застаецца толькі сабраць агратрэш і надаць яму таварны выгляд. «НЧ» працягвае фіксаваць бздуру-лухту, якая нас атачае.
![galounae.jpg galounae.jpg](/img/v1/images/galounae.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Пакуль футбалісты прагравалі, падсанкцыйны старшыня федэрацыі «штурмаваў» польскую мяжу
Беларускія майстры скуранога мяча зноў наклалі не галоў у вароты суперніка, а нечага іншага ў свае фірмовыя порткі. Не проста вылецелі з еўракубкаў на пачатковых стадыях, здабыўшы агулам усяго адну перамогу ў 12 матчах, а яшчэ і ўпалі на апошняе ў Еўропе места ў адпаведным рэйтынгу. Цяпер вышэй квітнеючай Беларусі тут нават Сан-Марына і Гібралтар, дзе сукупна народу жыве менш, чым у Жлобіне.
Старшыня Беларускай федэрацыі футбола Уладзімір Базанаў тым часам нікуды не вылецеў. Ён выехаў — палкоўніка-артылерыста заўважылі на «сухапутнай» мяжы з Польшчай. У пункце пропуску «Варшаўскі мост» каля Брэста яго, вядома, спынілі, спраўдзілі яго прозвішча з санкцыйнымі спісамі, дый развярнулі назад.
Карацей, пагналі ў зваротным кірунку, прабачце, як сярлівага ката.
![bazanau_1.jpg bazanau_1.jpg](/img/v1/images/bazanau_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Тут ёсць дзве дэталі, што заслугоўваюць увагі. Першая: гэта ж які светлы розум трэба мець пад артылерыйскай фуражкай, каб плішчыцца ў ЕС, ведаючы, што ты пад санкцыямі? І другая: ці не хацеў спадар афіцэр збегчы ў ненавісную Еўропу праз боязь быць пакараным за выдатную футбольную службу?
Менавіта з апошняга пачалі кпіць заўзятары, бо болей няўдалага кіраўніка БФФ айчынны футбол раней не ведаў. Базанаў прафукаў усе палімеры. Пры ім і зборная дэградавала да стану поўнай бездапаможнасці, і клубы пераўтварыліся ў ахвярных авечак, і нацыянальны чэмпіянат стаў пяршынствам лазні.
З козыраў у былога артылерыста заставалася толькі лаяльнасць, уменне жвава шчоўкаць абцасамі перад вышэйстаячым начальствам. Але ці выратуе яны яго на фоне няўдалай спробы «штурмаваць» польскую мяжу?Зрэшты, пытанне рытарычнае. Выбары ў федэрацыі (а выбірае тут, канешне ж, Лукашэнка) пройдуць вясной 2023-га, і, кажуць, у Дом футбола ўжо ірвецца новы правадыр — сённяшні кіраўнік Мінспорту Сяргей Кавальчук. Яшчэ адзін выбітны спецыяліст з пагонамі, які паспеў заваліць увесь спорт цалкам, а цяпер, відаць, гатовы данішчыць асобна ўзяты футбол.
Краязнаўцу Ігара Хмару затрымалі ў Мінску за тое, што размаўляў на беларускай мове
Гэта яшчэ не дакладна — праваабаронцы тут спасылаюцца на былога сукамерніка хлопца на Акрэсціна, але хіба каго здзівіць сёння такі факт? Вядома, не.
Па папярэдняй інфармацыі экскурсавод, краязнаўца, журналіст Ігар Хмара 2 жніўня проста размаўляў па-беларуску. І тут да яго падышлі: «Прайдзёмце, гражданін». Ад той пары ён за кратамі — відаць, на «сутках», і ў афіцыйным пратаколе напісана якое-небудзь «непадпарадкаванне».
![hmara.jpg hmara.jpg](/img/v1/images/hmara.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Што мова ўспрымаецца сілавікамі як пратэст, мы ведаем са жніўня 2020-га, калі беларускамоўных у пастарунках збівалі з асаблівым імпэтам. Пасля ж пачатку вайны ва Украіне, калі лукашэнкаўскі рэжым цалкам пераключыўся на хвалю «рускага свету», любая праява беларускасці патэнцыйна стала нагодай для пераследу.
З’явіліся нават атрады хунвэйбінаў з ліку прапагандыстаў ды замшэлых актывістаў, якія сцярвятнікамі накідваюцца на нацыянальныя кнігарні ці выставы. Яны ганьбяць сваім цемрашальствам Кастуся Каліноўскага, пасмяротна здзекуюцца над Адамам Мальдзісам, абвяшчаюць «экстрэмістам» жывога класіка Альгерда Бахарэвіча.
Але што суцяшае: скочванне ў адкрытае чорнакашульніцтва — яўная прыкмета таго, што існы рэжым увайшоў у сваю тэрмінальную стадыю.
Беларускую эканоміку падкасіў тэтрапак
Пакуль беларускія чыноўнікі бадзёрацца і ледзьве не радуюцца міжнародным санкцыям, гаворачы пра іх гаючы эфект для эканомікі, яны памалу дзіравяць бастыёны лукашэнкаўскай стабільнасці. На мінулым тыдні раптам выявілася, што для поўнага шчасця «нашаму кавалачку» не хапае толькі аднаго — тэтрапаку.
![tetrapak.jpg tetrapak.jpg](/img/v1/images/tetrapak.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Тэтрапак — упаковачны матэрыял шведскай вытворчасці, у якім добра захоўваюцца харчовыя прадукты і асабліва малако. І вось так атрымалася, што імпартная тара скончылася, а сваёй у Беларусі няма. І адбыўся амаль што перабудовачны дэфіцыт, і ў крамах пачаліся кропкавыя перабоі з малаком.
Доктар Айбаліт побач з праблемай неўзабаве намаляваўся. Пытаннем зацікавіўся Лукашэнка. «У нас суперразвітая, — сказаў, — хімічная прамысловасць». Спытаў: «Мы што, цырату не можам вырабіць?» Дадаў: «Каб да канца года ўпаковачны матэрыял быў!».
Тут, канешне, адразу згадваецца, што галоўны беларускі эканаміст вельмі любіць простыя рашэнні якіх заўгодна складаных праблем. Некалі сказаў: сэрцам чую, што ў Гомельскай вобласці ёсць нафта. І спецыялісты ад той пары там нафту шукаюць. Ці заявіў, што БелАЭС, якую невядома для чаго пабудавалі, можна прыстасаваць для майнінга біткойна — і «кляпаць гэтую валюту». Невядома, праўда, ці кляпаюць, але крыптарынак пасля раптоўна абваліўся.
Вось і тут гучыць звыклае: тэрміну вам столькі месяцаў, час пайшоў, прыйду — праверу.
Ці будзе ў Беларусі свой тэтрапак? Нешта будзе, як той казаў, ніколі не было, каб нічога не было. Але не здзіўляйцеся, калі аднойчы ўбачыце ў крамах малако ў савецкіх бітонах ды сок у літровых слоіках.
У Іўі з чырвона-зялёным размахам святквалі «Дзень памідора»
І, здаецца, анічога брыдкага ў тым няма — калі ёсць на гародзе памідоры, то мусіць быць і свята памідора. Але вось паглядзіце, як у Іўі Гродзенскай вобласці аздобілі гарадскі «сейшн» і, так бы мовіць, цвяроза ўздрыгніце.
![pamidor.jpg pamidor.jpg](/img/v1/images/pamidor.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Канцэнтрацыя чырвона-зялёнага зашкальвала ў мінулую суботу ў невялікім населеным пункце. Па вуліцы рухалася шэсце ў дзяржаўнай раскаляроўцы. Потым былі паяданне памідораў на хуткасць, высокамастацкі выраб бутэрбродаў з памідораў і бойкі на памідорах. У фінале ўрачыстых мерапрыемстваў мясцовыя чыноўнікі закруцілі першы слоік памідораў ураджаю 2022 года.
І неяк гэта нават агратрэшам называць няёмка, хаця незалежныя медыя спраўна хайпанулі на тэме іўеўскага крэатыву, санкцыянаванага ва ўстаноўленым парадку. Бо ўсё ж свята ладзіцца кожны год — яго прыдумалі ў 2015-м, калі не было яшчэ ні сімвалізму «чырвонай зелені», ні затрыманняў за бела-чырвоныя шкарпэткі ці порткі. Тады памідоркавыя «Дажынкі» ў стылі позняй БССР успрымаліся спакойна і паблажліва. Цяпер у гэтым бачыцца нешта сугучнае з «зарадам энергіі і рашучасці» ад аднаго фрыкаватага вайсковага камісара.