У Беларусі выйшла марка з птушкай года – глушцом (відэа)

Міністэрства сувязі і інфарматызацыі пры садзейнічанні грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчына» (АПБ) выпусціла ў абарачэнне паштовую марку «Глушэц» з серыі «Птушка года». Дашліце ліст сябрам або папоўніце калекцыю!

Паштовая прадукцыя з птушкай года. Фота Алесі Башарымавай

Паштовая прадукцыя з птушкай года. Фота Алесі Башарымавай


Над маркай працавалі мастак і арнітолаг Аляксандр Міцянін і дызайнер Марына Юрчык.
На аркушы сем марак і адзін купон. На марцы адлюстраваныя лагатыпы глабальнай асацыяцыі прыродаахоўных арганізацый «BirdLife International» і грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны». Марка выйшла накладам 56 тысяч.
Намінал маркі «Р» адпавядае тарыфу на перасылку міжнароднай простай пісьмовай карэспандэнцыі (лістоў, бандэроляў, дробных пакетаў) масай да 20 г уключна прыярытэтнай.


Глушэц быў абраны птушкай 2020 года галасаваннем у 2019 годзе на З’ездзе АПБ. Гэтая птушка насяляе старыя бары і змяшаныя лясы з сасной, трымаецца месцаў, дзе рэдка бывае чалавек.
Назва птушкі звязаная з тым, што самцы глушца падчас такавання глухнуць. Токавая песня самцоў складаецца з дзвюх частак: падчас першай птушка ўсё чуе, а падчас другой («тачэння») самец не чуе нічога вакол!
У Беларусі глушэц – паляўнічы від, хоць папуляцыя яго невялікая, каля 9000 птушак (па падліках паляўнічых). На тэрыторыі краіны жывуць два падвіды глушца: заходнееўрапейскі і сярэднярускі. На жаль, колькасць заходнееўрапейскага падвіду нізкая: каля 460 птушак.
Болей пра птушку 2020 года можна даведацца на сайце АПБ ptushki.org.  
Дзікая прырода займае ў беларускай паштовай прадукцыі далёка не апошняе месца. У пачатку года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі выпусціла серыю марак розных наміналаў і картмаксімумы з дзікімі зверанятамі: лісянём, ваўчанём, медзведзянём і рысянём – а таксама канверт першага дня з зайчанём.
Аляксандр Вінчэўскі, дырэктар АПБ:
«З 2003 года мы цесна супрацоўнічаем з Белпоштай па выпуску серыі “Птушка года”. Беларускія маркі з птушкамі і іншымі жывёламі добра вядомыя ва ўсім свеце. Іх чакаюць і беларускія, і замежныя філатэлісты. Сам у школе збіраў маркі з “чырвонакніжнымі жывёламі”, праз іх захапіўся і драпежнымі птушкамі. Калі маеце магчымасць пазнаёміць сваё дзіця з ветэранам філатэліі, ён можа адкрыць для вас і дзіцяці новы свет. А на пошце, калі збіраецеся даслаць ліст за мяжу ці добраму сябру, папрасіце аператара выбраць прыгожую марку з глушцом ці рысянём, — сябар ці сяброўка абавязкова ацэняць! А лепш накупіць іх наперад, калі яны толькі выходзяць: інфляцыя на літарным намінале не адбіваецца».
Паводле прэс-рэлізу