Убачыш першых буслоў ці ластавак – занось на сайт «Жывой вясны»!
Як сачыць анлайн за набліжэннем вясны, якую нясуць нам птушкі, тлумачыць грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ).
На сайце міжнароднай кампаніі “Жывая вясна” можна бачыць, як птушкі, абраныя вестунамі вясны, вяртаюцца з зімоўкі. Пабачыўшы нейкую з іх упершыню з пачатку года, людзі з розных краін заносяць свае назіранні на сайт springalive.net. Чым больш назіранняў – тым больш інтэнсіўна зафарбаваная краіна на карце. Можна ў дынаміцы назіраць, як вясна ляціць у розныя краіны і іх колер робіцца ўсё больш насычаным. У кампаніі ўдзельнічаюць краіны Афрыкі і Еўропы, таму на карце можна ўбачыць, наколькі буслы ці ластаўкі знаходзяцца блізка ад Беларусі і калі іх можна чакаць на паўднёвай мяжы краіны.
“Жывая вясна” – міжнародны праект з мэтай прыцягнуць увагу дзяцей і дарослых да дзікай прыроды, назірання і захавання пералётных птушак. Сёлета кампанія пройдзе пад лозунгам “Як быць добрым птушкаром?” Яна працягнецца з 1 сакавіка па 1 ліпеня 2020 года.
“Назіраць за птушкамі трэба так, каб не турбаваць іх. Тады і птушкам не будзе лішняга стрэсу, і вы зможаце паразглядаць іх падолей, бо яны не спалохаюцца і не зляцяць. Выходзячы на прыроду, апранайцеся ў вопратку цёмных, няяркіх колераў, не шуміце, не падыходзьце да гнёздаў. Робячы здымкі, не выкарыстоўвайце ўспышку”, — раіць спецыялістка па акцыях і кампаніях АПБ Наталля Саракавік.
Якія птушкі сёлета лічацца вестунамі вясны?
Вестунамі “Жывой вясны” абраныя сем птушак, якіх адносна лёгка пазнаць: белы бусел (белый аист), вясковая ластаўка (деревенская ласточка), чорны свіргуль (черный стриж), зязюля (кукушка), шчурка-пчалаедка (золотистая щурка), ластаўка-зямлянка (береговая ласточка) і вялікі зуёк (галстучник).
Толькі добры птушкар адрозніць звычайнага малога зуйка ад рэдкага вялікага. Тут патрэбны бінокль. Сустрэць гэтых кулікоў можна звычайна каля вады. Звярніце ўвагу на больш тоўстую чорную паласу на грудзях у вялікага зуйка, на белую паласу на цемені ў малога зуйка і жоўтае колца вакол вока ў малога зуйка. Вялікі зуёк дадаўся да спісу вестуноў вясны сёлета на просьбу афрыканскіх партнёраў “Жывой вясны”. У Беларусі гэты кулік уключаны ў нацыянальную Чырвоную кнігу. Ён сустракаецца ў асноўным на Палессі ўздоўж Прыпяці і яе прытокаў.
Пакуль птушкі збіраюцца ляцець з Афрыкі да роднага гнязда ці ўжо, як белыя буслы, знаходзяцца на шляху дадому, можна паспрабаваць намаляваць з дзеткамі птушак-вестуноў, каб яны іх добра запомнілі і пазналі, калі сустрэнуць.
Калі гэтыя птушкі прылятаюць у Беларусь?
У 10-х чыслах сакавіка звычайна вяртаюцца ў краіну вялікія зуйкі і белыя буслы, у першай палове красавіка - вясковыя ластаўкі і зязюлі, напрыканцы красавіка і ў пачатку траўня – ластаўкі-зямлянкі і свіргулі, у канцы траўня — шчуркі-пчалаедкі.
Як дадаваць назіранне?
Раскажыце дзеткам, што мы чакаем буслоў, ластавак і іншых вестуноў вясны, каб яны паведамілі вам, калі ўбачаць першую птушку. Павіншуйце класнага чэмпіёна/ку, якія першыя ўбачылі бусла ці іншую птушку.
Занясіце гэтае назіранне зручным для сябе спосабам: • на сайце “Жывой вясны” пры дапамозе формы "Дадаць назіранне" • апісаць сваё назіранне ў суполках кампаніі ў сацыяльных сетках Facebook і Вконтакте. Зладзьце экскурсію з дзеткамі да першага гнязда бусла, занятага птушкамі ў вёсцы ці горадзе сёлета, таксама занясіце гэтае назіранне на сайт ці ў сацсеткі.
Прачытаць апісанне птушак і паслухаць іх галасы можна на сайце АПБ або ў мабільным вызначальніку Ptushki.У межах кампаніі адбудуцца конкурсы, пройдуць птушыныя экскурсіі, прэзентацыі, святы і гульні ў школах.
Сустракайце вясну разам з птушкамі!
Паводле АПБ