У Беларусі здзейсніла суіцыд студэнтка з Туркменістана. Гэта не першы такі выпадак
У Беларусі скончыла жыццё самагубствам студэнтка з Туркменістана Гоўхер Абраева, паведамляе turkmen.news. Гэта другі падобны інцыдэнт з пачатку года.
Гоўхер нарадзілася ў 2000 годзе ў населеным пункце Амурдар'я
ў Лебапскі велаяце. Яна вучылася ў горадзе Мазыр Гомельскай вобласці. Дзяўчына
павесілася ўвечары 28 сакавіка 2022 года.
Дакладныя прычыны суіцыду нікому з аднакурснікаў і знаёмых
Гоўхер не вядомыя. Яны кажуць толькі, што за тры дні да самагубства сяброўкі
заспелі дзяўчыну ў пакоі інтэрната, калі яна плакала. Яна сказала, што хоча жыць, не
хоча паміраць і сумуе па родных у Туркменістане.
Туркменскія дыпламаты звычайна не дапамагаюць з транспарціроўкай цел памерлых грамадзян на радзіму. Іх хаваюць за мяжой сіламі суайчыннікаў. Так было і з Гоўхер. Суайчыннікі сабралі грошы, каб арганізаваць пахаванне на мусульманскім могілках у пасёлку Смілавічы недалёка ад Мінска. На цырымоніі прысутнічала каля 50 землякоў.
Раней, у навагоднюю ноч, у Мінску скончыла жыццё самагубствам студэнтка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта з Туркменістана Бягуль Наўбатава. Яна не пайшла з сяброўкамі святкаваць Новы год, патлумачыўшы, што ў яе няма курткі па сезоне. Вярнуўшыся, яны выявілі яе павешанай. Бягуль, як і большасць туркменскіх студэнтаў за мяжой, адчувала сур'ёзныя фінансавыя праблемы. Улады Туркменістана жорстка абмяжоўваюць сумы, якія бацькі студэнтаў могуць канвертаваць для адпраўкі дзецям.