У Беларусі знайшлі найбуйнейшае паселішча суслікаў
Беларускія навукоўцы адшукалі ў Мінскай вобласці самае вялікае паселішча суслікаў у Беларусі, паведамляе Радыё Свабода са спасылкай на тэлеканал «Беларусь-1». На плошчы ў 250 квадратных мэтраў знойдзена 230 норак.
У Нясвіжскім раёне Мінскай вобласці выявілі калонію крапчатага сусліка, Гэта рэдкія для Беларусі жывёлы, іх налічваецца ўсяго некалькі тысяч асобін.
Пра калонію суслікаў у Мінскай вобласці арнітолаг Сяргей Шакала даведаўся з інтэрнэту, пазней стала вядома, што гэта самая вялікая калонія ў Беларусі і, магчыма, у Эўропе.
Раней суслікаў у Беларусі было настолькі шмат, што іх знішчалі, бо жывёлы лічыліся праблемай для сельскай гаспадаркі. З-за гэтага ў большасці раёнаў краіны суслікі цалкам зніклі.
Цяпер у нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку «Нясвіж» хочуць арганізаваць экскурсіі і назіранне за папуляцыяй суслікаў. Гэтых жывёлаў, дарэчы, падарылі Радзівілам у XVIII стагоддзі, яны жылі якраз у Нясвіжскім раёне.