У Брэсце масава затрымліваюць праціўнікаў акамулятарнага завода

Як стала вядома з сацыяльных сетак, у Брэсце затрымана дзевяць праціўнікаў будаўніцтва завода АКБ, якія былі выкліканыя ў РАУС адміністрацыі Ленінскага раёна у якасці сведак па нейкай справе. Яны прабудуць пад вартай да суда.

9_fleshmob_volk_rovd_povestka_zavod_akb_12042019_shatilo_bg.jpg


Сярод затрыманых Дзяніс Малашэнка, Ірына Сіліцкая, Зміцер Андрасюк, Дзям'ян Лепясевіч, Уладзімір Казлоўскі, Кацярына Басаргіна (мае дзіця ва ўзросце трох гадоў), Сяргей Свірскі, Алег Ярмоленка і праваабаронца Уладзімір Вялічкін.

Пазней праваабаронцам перадалі інфармацыю пра затрыманне Уладзіслава Абрамовіча. А вось Ірыну Сяліцкую адпусцілі дамоў.
Паводле інфармацыі на 21.00, затрыманы яшчэ адзін чалавек, Алег Вялаў. Колькасць затрыманых дасягнула 10, паведамляе b-g.by.

На якой падставе актывісты былі затрыманыя — пакуль невядома. Верагодна такім чынам міліцыя спрабуе не дапусціць іх удзелу ў чарговым "кармленні галубоў", што праходзіць кожны тыдзень у нядзелю.
«Брэсцкая газета» паведамляе, што актывісты зладзілі флэшмоб перад будынкам РАУС.
«Ёсць падставы меркаваць, што іх адмыслова выклікалі ў пятніцу, каб у канцы дня яны са сведкаў ператварыліся ў асобаў, у дачыненні да якіх вядзецца адміністрацыйны працэс. Даставіць іх у суд у гэты час ужо не будзе магчымасці, і адпаведна, яны будуць затрыманыя да панядзелка, — выказаў здагадкі Раман Кісляк. — Калі будзе такі расклад, то я ўспрымаю гэта як злоўжыванне паўнамоцтвамі супрацоўнікамі міліцыі. Па сутнасці, гэта будзе адвольнае затрыманне».
Нагадаем, каля 20 праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода атрымалі позвы на адзін і той жа час — 12 красавіка 15.00. Пра якую справу ідзе гутарка ў позве, пакуль невядома.
Апошнім часам павялічыўся ціск на праціўнікаў будаўніцтва ў Брэсце акумулятарнага завода. Так, на мінулым тыдні на трое сутак былі затрыманы актывіст Маісей Мазько і яго сын Дзяніс па справе аб захоўванні боепрыпасаў. Зараз яны на волі, аднак Маісей Мазько застаецца ў статусе падазраванага па справе. У пятніцу супрацоўнікі міліцыі спрабавалі затрымаць актывістку Таццяну Фесікаву, пасля чаго тая трапіла ў шпіталь. А пасля чарговага нядзельнага «кармлення галубоў» быў затрыманы Дзмітрый Бекалюк.

spring96.org