У глабальным рэйтынгу квітнеючых краін Беларусь на 73-м месцы
У глабальным рэйтынгу квітнеючых краінаў «Legatum Prosperity Index 2019» Беларусь заняла 73 месца сярод 163 дзяржаваў, паведамляе Белсат.

Найлепшыя і найгоршыя паказнікі Беларусі. Фота prosperity.com
Рэйтынг «Legatum Prosperity» ацэньвае ўзровень дабрабыту краінаў на падставе прыбыткаў і дабрабыту насельніцтва. Ён выдаецца брытанскім аналітычным цэнтрам міжнароднай інвестыцыйнай групы «Legatum» штогод з 2007 года.
Даследчыкі падчас складання рэйтынгу вызначылі ажно 300 фактараў, якія аб’ядналі ў 12 групаў, сярод якіх эканоміка, адукацыя, прадпрымальніцтва, умовы жыцця, асабістая свабода і іншыя.
Найлепшыя паказнікі ў нашай краіне ў групе адукацыя, узровень жыцця і эканамічнае развіццё, а найгоршыя – асабістая свабода, дзяржаўнае кіраванне, сацыяльны капітал.

Беларусь у рэйтынгу. Фота: prosperity.com/
Найвышэйшую пазіцыю ў рэйтынгу Беларусь займала ў 2014 годзе – 60 месца. Найгоршае – 80 месца ў 2009 і 2012 гадах.
Расея заняла на адну пазіцыю ніжэй і атрымала ў рэйтынгу 74 месца. Украіна знаходзіцца на 96 месцы, хоць некаторыя паказнікі ў нашых паўднёвых суседзяў лепшыя. А вось Польшча на 36 пазіцыі. 33 месца ў глабальным рэйтынгу займае Літва.
Першыя месцы атрымалі Данія, Нарвегія і Швейцарыя. У самым нізе спісу Цэнтральная Афрыканская рэспубліка, Емен і Паўднёвы Судан.