У ізалятары тыдзень галадаў рабочы «Белшыны»
Старшыня суполкі Беларускага незалежнага прафсаюзу на «Белшыне» Сяргей
Гурло, які 7 дзён галадаў супраць незаконнага зняволеньня, выйшаў 19
верасня з бабруйскага ізалятара, перадае Радыё Свабода.
Актывіст кажа, што адчувае слабасць, але збіраецца пайсці ў начную змену на працу. За гэты час ён схуднеў на 5 кілаграм.
56-гадовага Сяргея Гурло забралі з дому 11 верасня і ў пастарунку склалі на яго пратакол за ўдзел 6 верасня ў несанкцыянаваным шэсці.
Ён адзначае, што міліцыянты, значна маладзейшыя за яго, паводзілі сябе «па-хамску». Яны не далі яму схадзіць дамоў па лекі, якія ён прымае рэгулярна дзеля ўнармаваньня ціску. Калі сказалі, што яго вязуць у ізалятар, абвясціў галадоўку.
Па словах Сяргея Гурло, ён напісаў заяву начальніку ізалятара, што галадае супраць «міліцэйскага беззаконня».
Ён кажа: супрацоўнікі вязніцы кпілі з ягонага пратэсту і палітычных прыхільнасцяў. Даймалі пытаннямі, чаму «ягоная прэзідэнтка Ціханоўская выступае за ўвядзенне санкцыяў супраць беларускага народу».
Судзілі актывіста ў ізалятары і пакаралі 5 суткамі арышту. Па іх адбыцці пакінулі даседжваць яшчэ 2 дні за ўдзел у ланцугу салідарнасці. Актывіст кажа, што ў няволі яму несвоечасова аказвалі медычную дапамогу. Першыя дні моцна балела галава.
На «Белшыне» Сяргей Гурло больш за 34 гады працуе вульканізатарнікам шын. У 2006 годзе ўдзельнічаў у калектыўнай галадоўцы работнікаў прадпрыемства супраць пераследу незалежных прафсаюзаў. Актывіст не выключае, што пасля змены яго зноў могуць затрымаць.