У Мінску 23 сакавіка выпусцяць на волю кажаноў
У суботу ў парку Чалюскінцаў адмыслоўцы цэнтра па ратаванні рукакрылых будуць выпускаць на волю кажаноў, што зімавалі ў «Кажанаполісе».
«Тэмпература ўначы ўжо спрыяльная для рукакрылых, таму мы прынялі рашэнне разбудзіць нашых кажаноў і адпусціць назад у дзікую прыроду», – тлумачыць галоўны хіраптэролаг цэнтра Аляксей Шпак.
«Кажанаполіс» быў створаны летась дзякуючы намаганням Мінскага гарадскога аддзялення грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны», Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства і Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па біярэсурсах.
Сёлета ў вядомай лядоўні «Кажанаполіса» перазімавала больш за тры дзясяткі кажаноў. Большая частка – гэта двухколерныя кажаны. Кампанію на зімоўцы ім склалі некалькі позніх кажаноў. Усе яны маглі загінуць, калі б не трапілі сюды. Рэч у тым, што кажаны ў халодны сезон засынаюць, рытм сэрца ў іх запавольваецца, а тэмпература паніжаецца. Калі іх патурбуюць у гэты час, то да вясны яны хутчэй за ўсё не дажывуць. На тое, каб прачнуцца, яны трацяць амаль усю сваю энергію. А аднавіць яе няма чым: насякомых, якімі харчуюцца кажаны, узімку яны не адшукаюць.
Знойдзеных узімку кажаноў мінчукі прыносілі ў цэнтр, дзе Аляксей Шпак іх узважваў, пры неабходнасці дакормліваў і змяшчаў у лядоўню.
Валанцёры «Кажанаполіса» кажуць дзякуй усім, хто ім пісаў, тэлефанаваў і прыносіў рукакрылых. На дварэ вясна, а значыць, час кажанам прачынацца з зімовай спячкі.
Засталіся пытанні пра кажаноў? Прыходзьце, каб на свае вочы пабачыць гэтых мілых істот! Сустракаемся ля галоўнага ўваходу ў парк Чалюскінцаў а 18:30 у гэтую суботу, 23 сакавіка.
Паводле прэс-рэлізу