У Наваполацку працягваецца суд над актыўнымі ўдзельнікамі жнівеньскіх падзей

Суд Наваполацка 14 студзеня працягвае разглядаць крымінальную справу мясцовых жыхароў Віктара Шаура і Віталя Шыцікава, якіх абвінавачваюць у арганізацыі або актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушылі грамадскі парадак (арт. 342 Крымінальнага кодэкса).

navapolack_10_08_2020_1jpg.jpg

Працэс вядзе намеснік старшыні Наваполацкага суда Віталь Лапко.

Нагадаем, Віктар Шаура быў затрыманы ў Наваполацку ўвечары 10 жніўня. 13 жніўня яго маці патэлефанаваў следчы з Віцебска і паведаміў, што яе сыну выставілі абвінавачванне па ч. 2 арт. 293 КК РБ, якое пазней было перакваліфікаванае на больш жорскі артыкул. У кватэры Шауры прайшоў ператрус. Ён быў прызнаны палітычным зняволеным, пазней выпусцілі пад падпіску.

Яшчэ адзін фігурант справы Віталь Шыцікаў таксама знаходзіўся пад падпіскай аб нявыездзе.

Сёння ў судзе дапытваюць другога абвінавачанага — Віталя Шыцікава.

Суддзя пытаецца ў Шыцікава, чаму ён быў у авангардзе калоны, чаму казаў грамадзянам куды ім рухацца і што рабіць:

Вы загадвалі ім, але хто вас вызначыў на такую ролю?

Я не загадваў нікому, можа казаў, што трэба бегчы, гаварыў гучна, бо было шумна. Магчыма, я крыкнуў некалькі разоў “Позор!”. Не праезную частку ў той час не выходзілі, стаялі за агарожай насупраць сцэпкі сілавікоў. Насупраць мяне стаяла 6 байцоў у поўнай экіпіроўцы. Я задаваў ім пытанні наконт таго, як людзям жыць далей.

Віталь Шыцікаў кажа, што на вуліцы быў сам па сабе. Калі пачуў па рацыі вайскоўцаў, што будзе зачыстка, развярнуўся і спакойна сышоў. Бачыў вялікую колькасць аўтазакаў, людзі беглі ў двары. Ён схаваўся спачатку ў нейкім пад’ездзе, пазней вярнуўся на вуліцу.

На судзе Шыцікаў прызнаў, што выказваў незадаволенасць дзеяннямі супрацоўнікаў сілавых структур, ставіўся ў счэпку і крычаў “Жыве Беларусь!” і “Позор”.

spring96.org