«Што вы зрабілі, калі я сядзеў у турме, — людзей забілі!» Трэці дзень суда на палітвязнем Няронскім

Суд Лагойскага раёна 14 студзеня працягвае разгляд крымінальнай справы супраць палітзняволенага аўтара ютуб-канала "Слуцк для жизни" Уладзіміра Няронскага па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 342 і 369. Яму пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі за відэаролікі на ютуб-канале "Слуцк для жизни".

Палітвязень Уладзімір Няронскі ў судзе 13 студзеня. Фота: spring96.org

Палітвязень Уладзімір Няронскі ў судзе 13 студзеня. Фота: spring96.org

Блогер абвінавачваецца ў арганізацыі «незаконных грамадска-масавых мерапрыемствах» у некаторых гарадах Беларусі, у тым ліку мітынг у Гродне 29 траўня, дзе затрымалі Сяргея Ціханоўскага і іншых удзельнікаў выбарчага пікета, хаця ў гэты час сам Няронскі ўжо амаль месяц адбываў «суткі». Таксама палітвязня абвінавачваюць ў публічнай абразе старшыні Слуцкага райвыканкама. Справу разглядае старшыня суда Лагойскага раёна Аляксандр Рыбакоў.

«Вясна» працягвае назіраць за гэтым судовым працэсам і вядзе анлайн з залі суда.

На думку абвінавачання, віна Няронскага даказваецца паказаннямі самога абвінавачанага, пацярпелага, відэаматэрыяламі з ютуб-канала «Слуцк для жизни», пісьмовымі матэрыяламі справы. Допыт сведак у судзе заяўлены не быў. У першы дзень судовага паседжання дапыталі Уладзіміра Няронскага, пацярпелага старшыню Слуцкага райвыканкама Андрэя Янчэўскага. У другі дзень вывучылі пісьмовыя матэрыялы справы, рэчдоказы, а таксама праглядзелі відэаролікі «Слуцк для жизни».

Да суда Уладзімір Няронскі ўтрымліваўся ў жодзінскай следчай турме №8, 6 студзеня яго змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання Лагойскага РАУС. На судзе палітвязень скардзіцца, што ў яго камеры няма ацяплення, кормяць адзін раз у дзень і няма туалета — там толькі вядро. Таксама адзначае, што ён падвяргаецца маральнаму ціску. Уладзімір Няронскі распавёў на судзе, што за восем месяцаў утрымання пад вартай перанёс мікраінсульт, перахварэў на COVID-19, а таксама прымусова быў накіраваны на псіхіятрычную экспертызу ў «Навінкі».

 

Што адбываецца на судзе ў трэці дзень?

На трэці дзень у судзе праглядаюцца стрымы з ютуб-канала Уладзіміра Няронскага «Слуцк для жизни»: «Дорога на Минск» і «Все приезжайте в поселок Дружный Евроопт».

«У гэтым відэа я сказаў усю праўду, ні слова не схлусіў», — пракаментаваў Няронскі стрым «Дорога на Минск». Суддзя Рыбакоў запытаў у яго, для каго ён гэта каментуе.

У залі суда Лагойскага раёна працягваецца прагляд стрымаў Уладзіміра Няронскага з ютуб-канала «Слуцк для жизни»: «Попытка задержания Сергея Тихановского». Гэтыя відэаролікі, на думку абвінавачвання, даказваюць вінаватасць блогера па ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса.

Уладзімір Няронскі вельмі здзівіўся, калі даведаўся, што ў віну яму не ставіцца відэаролік «Мозырь. Поддержка людей», у якім людзі выказваюцца з нагоды закрыцця Цэнтра рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў «Радуга». Кажа, што ў ім уся сутнасць крымінальнай справы супраць яго. Ён настойвае, каб у судзе праглядзелі менавіта яго. Адвакат заявіў адпаведнае хадайніцтва, суддзя яго задаволіў.

У судзе праглядаюцца матэрыялы агляду сацсетак, тэлефона Няронскага, праслушка яго тэлефонных перамоваў. Усе доказы па справе ў судзе вывучаныя.

 

«За арганізацыю мерапрыемстваў я ўжо адседзеў 40 сутак»

Уладзімір Няронскі распавёў у судзе, што ён ужо быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці паводле арт. 23.34 КаАП за відэаролікі «Слуцк для жизни», якія яму цяпер інкрымінуюцца паводле артыкула 342 КК:

«Я ж па 342 ўжо адседзеў усё! За што мяне судзяць? За арганізацыю мерапрыемстваў я ўжо адседзеў 40 сутак. За кожны ролік, што мы глядзелі ў судзе, мне давалі суткі. Мяне ўжо пакаралі».

 

«Давялі да братазабойчай сітуацыі ў краіне»

Дзяржабвінаваўца Аляксандр Ляўковіч задаў яшчэ некалькі пытанняў Уладзіміру Неронскаму. Ён спытаў, адкуль у абвінавачанага кепка «Страна для жизни», у якой ён фігуруе на відэа. Уладзімір Няронскі сказаў, што іх раздавалі ўсім і кожнаму.

Таксама пракурор спытаў, як Няронскі можа растлумачыць словы ў сваіх роліках: «Плошчы быць!», «Заўсёды рэвалюцыя так рабілася, заўсёды былі ахвяры», «Майдану быць» і інш.

Уладзімір Няронскі эмацыйна сцвярджае, што ён ніколі не заклікаў людзей да групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак:

«Адкуль я мог ведаць? Калі ўсе сляпыя і глухія, прыкідваюцца, то я ўсё адчуваў! Кароль-та голы! Давялі да братазабойчай сітуацыі ў краіне. Што вы нарабілі 9 і 10 [жніўня]! Грамадзянскую вайну зладзілі! Гэта я зрабіў? Што вы зрабілі, калі я сядзеў у турме, — людзей забілі! Вы не вырывайце з кантэксту слова!»

Пракурор пытаецца, навошта ён прасіў людзей скідацца на штрафы: «Госпадзе, колькі гэта будзе працягвацца?» Вы ж чулі, што за тэхагляды штрафуюць усіх, столькі грошай не набярэцца і мяне чатыры разы за дзень штрафавалі. Я ж не сказаў «Не плаціце штраф», я ж не сказаў «Супраціўляйцеся гэтаму адміністрацыйнаму пакаранню». Я сказаў: «Трэба заплаціць як законапаслухмяны грамадзянін». Я ж сказаў: «Давайце ахвяраваць на штрафы». Я чатыры штрафу за дзень атрымаў, у мяне грошай няма: «Людзі дапамажыце». Я не сказаў: «Я плаціць не буду, пайшлі ўсе ў лазню!» Я сказаў, што трэба заплаціць, таму што гэта — наша краіна. А вось пасля гэтых дзяцей я ўжо, прабачце мяне за мае эмоцыі...»

 

«Мяне адразу катавалі, а потым дапытвалі»

Пракурор заявіў хадайніцтва агучыць пратакол допыту Няронскага падчас следства 14 чэрвеня ў сувязі з істотнымі супярэчнасцямі. На «сутках» Няронскі знаходзіўся з 5 чэрвеня. У судзе зачытваюць пратакол. Па яму Уладзімір Няронскі распавядаў пра сустрэчы з Сяргеем Ціханоўскім і Святланай Ціханоўскай. Паводле яго словаў падчас следства, яны разам ездзілі ў Гродна, Ваўкавыск, Брэст, Мазыр, Магілёў. У сваіх паказаннях Уладзімір Няронскі распавядаў аб сумесных паездках па гарадах з Сяргеем Ціханоўскім, Арцёмам Сакавым, Аляксандрам Арановічам. Няронскі казаў, што яму ніколі не было вядома пра планы Ціханоўскага, яму нічога не было вядома.

«Мяне прэсавалі 40 сутак. Я сонечнага святла не бачыў, не спаў. Я толькі выйшаў з гэтых «карцэраў». Вы пасядзіце 40 сутак, потым я на вас пагляджу! Палову іх паказанняў можна... У мяне бралі гэтыя паказанні на відэакамеру, паглядзіце, у якім я стане быў! Мяне адразу катавалі, а потым дапытвалі. Там трызненне нейкае вы несяце. Я ўчора ў больш-менш нармальным стане адказаў».

 Суд працягваецца, інфармацыя дапаўняецца.

spring96.org