У сталіцы Самалі адбыўся магутны выбух, ёсць загінулыя і параненыя
У сталіцы Самалі адбыўся выбух: разбураныя школа і бальніца. Але мэтай тэрарыстаў была калона аўто ААН. Адказнасць за выбух ускладаюць на ісламісцкую групоўку «Аль-Шабааб», звязаную з «Аль-Каідай», паведамляе korrespondent.net.

У сталіцы Самалі, горадзе Магадзіша, раніцай 25 лістапада прагрымеў выбух. Загінулі пяць чалавек, 23 параненыя. Пра гэта паведамляюць AFP і «Reuters».
Ад магутнага выбуху абрынуліся сцены будынкаў школы і бальніцы, што месціліся побач. Акрамя таго, былі пашкоджаныя аўтамабілі ў гэтым раёне. Відавочцы распавядаюць, што пасля выбуху была чутная страляніна.
Паводле слоў афіцыйнага прадстаўніка групы па ваенных аперацыях Абдыяса Абу Мусаба, мэтай тэрарыстаў была не школа, а калона аўто Арганізацыі Аб'яднаных Нацый.
Адказнасць за выбух ускладаюць на ісламісцкую групоўку «Аль-Шабааб», звязаную з «Аль-Каідай».
«Аль-Шабааб» выступае супраць цэнтральнага ўрада Самалі і хоча ўсталяваць уласнае праўленне на аснове шарыяту. Група часта здзяйсняе выбухі і напады са зброяй.