У тэлеграме апублікавалі асабістыя даныя 10 000 беларускіх сілавікоў

Телеграм-канал НEXTA, які ў Беларусі прызнаны экстрэмісцкім, а заснавальнік якога Сцяпан Пуціла ўнесены ў спіс тэрарыстаў, у адказ на масавыя затрыманні ўдзельнікаў Марша суседзяў 29 лістапада апублікаваў чарговыя асабістыя даныя беларускіх сілавікоў — усяго больш за 10 000 чалавек.

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Так, апублікаваныя прозвішчы, тэлефоны, адрасы пражывання 7592 салдат і афіцэраў Унутраных войскаў, а таксама 2452 курсантаў і выкладчыкаў Акадэміі МУС.
"Мы не сталі правяраць, хто там былы, а хто не. Як і лукашэнкаўскія карнікі не правяраюць", — гаворыцца ў паведамленні.
Тым, у каго ёсць пераканаўчыя аргументы пра няўдзел у злачынствах, прапануюць «паспрабаваць даць іх». Чым больш жорсткія будуць рэпрэсіі, тым больш імёнаў і прозвішчаў сілавікоў будуць апублікаваныя, заяўляюць аўтары ТГ-канала.
Артыкул 179 КК Беларусі. Незаконныя збіранне альбо распаўсюджванне звестак аб прыватным жыцці, якія складаюць асабістую ці сямейную таямніцу іншай асобы, без яе згоды, якія пацягнулі прычыненне шкоды правам, свабодам і законным інтарэсам пацярпелага, караюцца грамадскімі працамі, або штрафам, або арыштам.
Тыя ж дзеянні, учыненыя з выкарыстаннем спецыяльных тэхнічных сродкаў, прызначаных для сакрэтнага атрымання інфармацыі, або службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў, караюцца пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю са штрафам, альбо абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў са штрафам, альбо пазбаўленнем волі на той жа тэрмін са штрафам.
telegraf.by