У Жлобіне медыкам забаранілі прымаць дапамогу. Валанцёр: «Робім гэта таемна»

Колькасць хворых на каронавірус у горадзе металургаў афіцыйныя крыніцы не падаюць. 7 красавіка санітарны лекар Гомельскай вобласці Аляксандр Тарасенка паведаміў, што на Жлобіншчыне зарэгістравалі адзін выпадак COVID-19 – у жанчыны, якая вярнулася з аздараўлення, піша «Белсат».

Жлобінская ЦРБ, фота з афіцыйнага сайта ўстановы

Жлобінская ЦРБ, фота з афіцыйнага сайта ўстановы

Днямі тэлеграм-канал «Баста!» апублікаваў дакумент, згодна з якім галоўны лекар Жлобінскай ЦРБ Яўген Топчый забараніў сваім падначаленым агалошваць «пабочным асобам» інфармацыю аб наяўнасці альбо неабходнасці сродкаў індывідуальнай абароны ў медустанове. Belsat.eu дазваніўся да Яўгена Топчыя, аднак галоўны медык Жлобіншчыны адмовіўся каментаваць гэткае рашэнне, як і ўвогуле наяўнасць такога распараджэння.
– Усю інфармацыю глядзіце ў афіцыйных крыніцах.
– Аднак ці праўда, што вы забаранілі агалошваць такую інфармацыю медыкам? – запыталіся журналісты ў галоўнага лекара.
– У мяне вельмі шмат працы, да пабачэння! – праз секунду ў слухаўцы пачуліся кароткія гудкі.
Распараджэнне галоўнага лекара Жлобінскай цэнтральнай раённай бальніцы, як аказалася на практыцы, датычыць не толькі забароны для мясцовых медыкаў агалошваць падобную інфармацыю, але і наогул прымаць якую-кольвек дапамогу ад насельніцтва, кажуць валанцёры.
Не так даўно ў Жлобіне праходзіла сустрэча з блогерам Сяргеем Ціханоўскім, на якой прысутнічаў і я, – распавядае жыхар раённага цэнтру Андрэй. – Падчас гэткай сустрэчы ў нас узнікла ідэя зарганізаваць дапамогу нашым лекарам. Спачатку спрабавалі сабраць у каго што ёсць – маскі, нейкія пальчаткі. Прайшліся па аптэках, купілі, што было, і аднеслі ў прыёмны пакой. Там падзякавалі і прынялі гэты невялічкі пакет. Медыкі на той час паведамілі, што бракавала, да прыкладу, шапачак, бахілаў, і асабліва – акуляраў. 
Пасля таго, як размова з лекарамі з’явілася ў адным з тэлеграм-каналаў, выйшла і гэтае распараджэнне.
А таксама вусная забарона прымаць дапамогу ад валанцёраў, бо ў шпіталі, маўляў, усяго хапае, – кажа Андрэй.
Наступную перадачу, кажа суразмоўца belsat.eu, як і чакалася, не прынялі, таму зборку аднеслі ў Жлобінскі сацыяльна-педагагічны цэнтр з дзіцячым сацыяльным прытулкам.
Паколькі ў шпіталі адмовіліся ад дапамогі, магчыма, жлобінскім медыкам сапраўды ўсяго хапае?
Сітуацыя са сродкамі абароны ў нас выглядае някепска, – кажа адна з мясцовых доктарак. – Ёсць маскі, пальчаткі. Самі медыкі ходзяць у поўным абмундзіраванні. Па чутках, у тэрапеўтычным аддзяленні ёсць падазрэнне на каронавірус, таму яго зачынілі на каранцін. Цяпер кантакты чакаюць вынікі тэстаў. Астатнія ж аддзяленні працуюць у штатным рэжыме.
Аднак усё адно – берагчыся трэба, і любыя сродкі абароны для медыкаў залішнімі не будуць, дадае лекарка.
Пакуль у Жлобін мы нічога не адпраўлялі, – кажа адзін з каардынатараў кампаніі ByCovid-19 Андрэй Стрыжак, якая аказвае дапамогу шпіталям па ўсёй краіне. – Паўсюль прыблізна аднолькавая сітуацыя. На той жа Віцебшчыне выпадкаў захворвання на каронавірус больш, таму менавіта туды ў найбольшай ступені скіраваныя нашыя рэсурсы. Цяпер ёсць спадзяванні на тое, што 700 тысяч рэспіратараў, якія закупіў IT-бізнес, троху зменяць сітуацыю. 
Сёння жлобінскія актывісты чарговы раз аднеслі для мясцовых медыкаў маскі і пальчаткі.
Маладая доктарка ўзяла толькі для сябе і медсястры, астатняе вярнула – распаўсюджваць сярод калегаў пабаялася, – распавялі валанцёры. – Таксама папрасілі паглядзець акуляры, бо ім выдалі не вельмі зручныя. Атрымоўваецца, што даводзіцца дапамагаць таемна.
Калі б дапамогу зарганізавалі БРСМ ці «Белая Русь», то гэта б падалі як належнае, а на дзяржаўных каналах з’явіліся б хвалебныя сюжэты, – кажа Андрэй. – А так у ЦРБ, напэўна, палічылі, што мы вырашылі «хайпануць» на гэтым.
Што ж да настрояў самых жлабінчанаў, кажа суразмоўца, то ў раённым цэнтры шмат з тых, з кім давялося паразмаўляць, лічаць, што пандэмія іх не датычыць.
Літаральна адзінкавыя людзі носяць маскі. Людзі глядзяць дзяржаўныя каналы, па якіх кіраўнік Беларусі кажа, што ніякага каронавірусу няма, ёсць толькі псіхоз. Таму і захаванне перад небяспекай такое, што нават кіраўніцтва шпіталю лічыць – усё пад кантролем, дапамога не спатрэбіцца.
ВБ Belsat.eu