У 2014 годзе «Дажынкі» будуць праходзіць у новым фармаце — у кожнай вобласці і раёне
Пачынаючы з гэтага года фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі «Дажынкі» чакае цэлы шэраг змяненняў. На абласным узроўні свята будзе праходзіць у адным з раённых гарадоў кожнай вобласці, на раённым узроўні — у адным з аграгарадкоў кожнага раёна, паведамляе сайт Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання.
Такія змены, на думку спецыялістаў, дапамогуць падтрымліваць у належным стане сацыяльную структуру раённых цэнтраў і аграгарадкоў, пры гэтым працягваючы іх добраўпарадкаванне.
Пасля завяршэння ўборкі збожжавых у верасні аграрыі падвядуць вынікі спаборніцтваў па зборы ўраджаю. Акрамя гэтага, на абласным узроўні пройдзе ўзнагароджанне пераможцаў агляду-конкурсу
«Землекарыстанне высокай культуры земляробства, добраўпарадкаванне машынных двароў, жывёлагадоўчых ферм і комплексаў» і сямейнага сельскагаспадарчага праекта «Уладар
сяла». У цэлым, падводзіць вынікі працы аграпрамысловага комплексу (з улікам эканамічных паказчыкаў) плануецца на штогадовым рэспубліканскім сходзе аграрыяў па выніках справаздачнага
года.
Нагадаем, што ў час нядаўняга візіту ў Гарадок (дзе ў гэтым годзе пройдуць рэспубліканскія «Дажынкі») прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч застаўся незадаволены
ходам падрыхтоўкі.
На яго думку, за два месяцы завяршыць усе будаўніцтва і рэканструкцыю неабходных аб'ектаў не ўяўляецца магчымым. Ён падкрэсліў, што, зыходзячы з гэтага прынята рашэнне сканцэнтраваць
увагу на аб'ектах з высокай ступенню гатоўнасці і ўжо па меры іх завяршэння пераходзіць на іншыя пляцоўкі, а ня трымаць Гарадок у такім паўразбураным стане.
«Трэба было першапачаткова канцэнтраваць увагу і грошы на тым, што неабходна ў першую чаргу, на тым, што рыхтуецца не проста да «Дажынак», а будзе працаваць для
эканомікі Гарадка многія гады. На жаль, размазалі сродкі па многіх аб'ектах, і цяпер трэба ратаваць становішча», — сказаў прэм'ер.
TUT.BY