У Брэсце наладзілі выпуск шкарпэтак з беларускім арнаментам
На Брэсцкім панчошным камбінаце пачалі выпускаць жаночыя шкарпэткі з беларускім арнаментам. На прадпрыемстве кажуць, што, калі будзе попыт, наладзяць выпуск і мужчынскіх.
Ідэя ўзнікла выпадкова, распавёў дырэктар Брэсцкага панчошнага камбіната Сяргей Жаўняровіч.
Кіраўнік убачыў начальніка аддзела IT у вышыванцы і падумаў, а чаму б не пераняць папулярны сёння нацыянальны трэнд.
Спецыялісты прадпрыемства падабралі арнаменты з улікам іх значэння, а потым стварылі дызайн будучых этнашкарпэтак.
TUT.BY наведаў цэхі Брэсцкага панчошнага камбіната акурат тады, калі завяршаўся працэс вытворчасці партыі этнашкарпэтак
Як патлумачыў намеснік дырэктара Уладзімір Кананюк, працэс вытворчасці шкарпэтак пачынаецца з дызайнера, які рыхтуе макет будучага вырабу. Калі віртуальныя лякалы гатовыя, яны пераносяцца на
сучасныя вязальныя машыны.
«Падаецца нітка, і іголкі пачынаюць вязаць шкарпэтку. Прынцып працы прыкладна такі ж, як у нашых бабуль, толькі нашмат хутчэйшы. Бабуля двума пруткамі вяжа, а тут іх 150»,
— патлумачылі супрацоўнікі прадпрыемства.
Час вязання адной шкарпэткі залежыць ад мадэлі. На «этнашкарпэтку» патрабуецца 150 секунд, пасля чаго прадукцыя праходзяць праз далейшыя стадыі тэхналагічнага працэсу.
TUT.BY