У гомельскім музеі забаранілі выставу з-за слова «шляхта»

У Гомелі забаранілі выставу "Шляхецкія сядзібы Гомельшчыны" з-за слова "шляхта". Новапрызначаны кіраўнік музея гісторыі горада Гомеля, якая раней працавала ў аддзеле ідэалогіі Чыгуначнага раёна, разглядзела ў гістарычнай выставе дыверсію.

shlyakhta_gomel_1024x721.jpg

На думку ініцыятара экспазіцыі Марыі Булавінскай, адмова ў памяшканні — гэта не столькі пазіцыя гарадскіх уладаў, колькі перастрахоўка далёкага ад гістарычнай навукі і беларускай культуры чалавека:

У нас у Гомелі ёсць будынак, у якім знаходзіцца музей гісторыі горада. Гэты будынак, які вядомы ў народзе пад назвай Паляўнічы домік, раней належаў шляхціцам Крушэўскім-Лісоўскім. Мы, канешне ж, за два месяцы да прыблізнай даты мерапрыемства дамовіліся, што мы будзем рыхтаваць выставу менавіта ў гэтым музеі. Мы яшчэ зрабілі за свае сродкі стэнд для гэтага музея, які прысвечаны дарэвалюцыйным гаспадарам дома. І на прэзентацыі планавалі яго ўрачыста падараваць музею.

Выстава "Шляхецкія сядзібы Гомельшчыны" — плён некалькіх гадоў працы цэлага калектыву гісторыкаў, архітэктараў, мастакоў і краязнаўцаў. Энтузіясты сваімі сіламі шукалі цікавую інфармацыю пра старадаўнія гомельскія шляхецкія роды, кантактавалі з нашчадкамі шляхты. На экспазіцыі таксама планавалася прэзентацыя краязнаўчай мапы дваранскіх сядзібаў.

Арганізатары выставы "Шляхецкія сядзібы Гомельшчыны" знайшлі іншае памяшканне для імпрэзы. Мерапрыемства адбудзецца 27 лютага а 17-й гадзіне ў філіяле Веткаўскага музея ў Гомелі.

Беларускае Радыё Рацыя