Прадстаўнікі Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) і грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду!" 4 лютага ўзялі ўдзел у мерапрыемствах,
прысвечаных 267-годдзю з дня нараджэння Тадэвуша Касцюшкі — кіраўніка нацыянальна-вызваленчага паўстання 1794 года ў Беларусі, Польшчы і Літве, ганаровага грамадзяніна Францыі, нацыянальнага
героя ЗША і Польшчы.
Як паведаміў БелаПАН брэсцкі сацыял-дэмакрат Андрэй Ваўчок, актывісты ва ўрочышчы Мерачоўшчына Івацэвіцкага раёна разам з прадстаўнікамі
дыпламатычных місій і мясцовай улады ўсклалі кветкі да мемарыяльнага знака каля дома-музея Касцюшкі і наведалі музей.
Затым дэлегацыя партыйцаў і кампаніі "Гавары праўду!", куды ўвайшлі прадстаўнікі Брэста, Белаазёрска і Івацэвічаў, пабывала ў Косаве.
Там яны наведалі брацкую магілу загінулых удзельнікаў паўстання 1863 года, якое ўзначаліў Кастусь Каліноўскі, і хвілінай маўчання ўшанавалі іх памяць.
"Такія акцыі 4 лютага мы праводзім штогод ужо больш як 15 гадоў пад актуальным дагэтуль лозунгам Касцюшкі: "За нашу і вашу свабоду!". Гэты легендарны
чалавек заслугоўвае ўшанаванняў і павагі. І сёння, адзначаючы 150-годдзе паўстання Каліноўскага, мы разумеем, што яго прадвеснікам было паўстанне 1794 года пад кіраўніцтвам Касцюшкі",
— сказаў Ваўчок.
Паводле яго слоў, у Брэсце 2 лютага — у 175-ю гадавіну з дня нараджэння нацыянальнага героя Беларусі Кастуся Каліноўскага — сацыял-дэмакраты распаўсюдзілі прыкладна
300 партыйных тэматычных буклетаў, прысвечаных Каліноўскаму і Касцюшку. Такія ж інфармацыйныя акцыі партыйныя актывісты правялі 3 лютага ў Баранавічах, 4 лютага — у Івацэвіцкім раёне і
Белаазёрску.Ларыса Шыганава, БелаПАН