Украіна. Японцы планавалі ўкраінскае паўстанне

Калі верыць публікацыі ў адной з украінскіх газет, Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў мела добрыя кантакты з японскім урадам. У 1937 годзе ў Японію нават была накіраваная місія бандэраўцаў.



ukra.jpg

Украінскія нацыяналісты спатрэбіліся японцам для таго, каб дапамагчы арганізаваць украінскае паўстанне ў Сібіры і на Далёкім Усходзе.

Тут у часы рэформаў Сталыпіна сфармавалася вялікая калонія перасяленцаў з Украіны. Украінцы, колькасць якіх была да мільёна чалавек, захавалі сваю ідэнтычнасць, нягледзячы на спробы асіміляцыі (тут выходзілі ўкраінамоўныя газеты, часопісы і г.д.), акрамя таго, у Маньчжурыі дзейнічала адносна вялікая ўкраінская палітычная эміграцыя, якая марыла пра стварэнне ў Прымор’і асобнай украінскай дзяржавы «Зялёная Украіна». Дапамагаць ім і прыехалі сябры АУН.

Спачатку ўсё ішло добра. Японцы дапамаглі сродкамі, каб ствараць вайсковыя атрады для дыверсій па той бок мяжы. Аднак у 1943 годзе Токіа вырашыў рабіць стаўку на белаэмігрантаў, якія маралі пра Вялікую і непадзельную Расію. Украінскі праект аказаўся незапатрабаваным. Да заканчэння вайны ён існаваў на ўзроўні дзейнасці культурніцкіх арганізацый.

Пасля капітуляцыі Японіі ў Маньчжурыі, якая нейкі час знаходзілася пад кантролем Масквы, НКУС правёў чыстку ўсіх антысавецкіх элементаў. Лічыцца, што тады былі фізічна знішчаныя апошнія рэшткі ўкраінскіх нацыяналістаў Далёкага Усходу.
Паводле ўкраінскай прэсы