У Мінску адбудзецца сустрэча з Міхасём Кукабакам
24 красавіка ў Мінску адбудзецца сапраўды грандыёзная падзея — публічная сустрэча з Міхасём Кукабакам. Вядомы дысідэнт-"антысаветчык", праваабаронца і публіцыст упершыню за 15 гадоў прыедзе на радзіму.
Міхась Кукабака нарадзіўся і рос у Бабруйску, пяць гадоў выхоўваўся ў дзіцячым доме і, 16-гадовым выпускніком рамеснага вучылішча, быў пасланы ў Сібір на «будоўлю камунізму». Пасля войска, а служыў ён у Забайкаллі і на Далёкім Усходзе, жыццё закідвала яго ў розныя рэгіёны Савецкага Саюза — Узбекістан, Казахстан, Украіну, Расію.
Горадам, дзе пачалася яго актыўная дысідэнцкая дзейнасць, называе Кіеў — там здарыўся і першы выклік у КДБ. Упершыню быў арыштаваны, калі пражываў ва Уладзімірскай вобласці, пад Масквой, у 1970 годзе. З тых часоў пачалася яго турэмна-лагерная эпапея.
У Бабруйск Міхась Кукабака вярнуўся ў 40-гадовым узросце — улетку 1976 года, пасля шасці гадоў зняволення. Але рэпрэсіі ў дачыненні да яго працягваліся і тут: ён двойчы (увосень 1976-га і ўвосень 1977-га) быў прымусова шпіталізавалі ў Магілёўскую псіхіятрычную бальніцу. Даведзены да адчаю немагчымасцю зняць з сябе дыскрымінуючы ярлык «псіхічнахворага» і скрайняй бытавой неўладкаванасцю, вясной 1977 года ён звяртаўся ў Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР з просьбай пра дазвол эміграваць, у чым яму было адмоўлена. Гэты факт адлюстраваны ў тэксце «Скрадзеная Бацькаўшчына» — у гэтым нарысе ён апісвае сваё вяртанне ў горад дзяцінства. У зробленай пазней заўвазе аўтар паведамляе, што гэты нарыс увайшоў у матэрыялы абвінавачванні па чарговай "крымінальнай" справе. У кастрычніку 1978 года Міхась Кукабака зноў быў арыштаваны, у чэрвені 1979-га ў Бабруйску асуджаны па палітычных матывах да новага лагернага тэрміну.
Актыўны змагар з камуністычным рэжымам, за плячыма якога чатыры палітычныя судзімасці і каля 17 гадоў зняволення ў турмах, лагерах і псіхбальніцах, быў апошнім «палітычным» у пермскіх лагерах праз адмову пісаць прашэнне пра памілаванне, і быў вызвалены ў снежні 1988 года ў сувязі з "гарбачоўскай амністыяй палітвязняў". Быў рэабілітаваны Вярхоўным Судом БССР па ўсіх абвінавачваннях ў 1991 годзе, тады ж вярнуўся ў Беларусь, дзе меў намер працягнуць праваабарончую дзейнасць, чаго не пажадалі мясцовыя ўлады. Вядомы дысідэнт ізноў быў вымушаны з'ехаць, перабраўся ў Маскву, дзе жыве і цяпер.
На жаль, паміж беларускай грамадскасцю і Міхасём Кукабакам усе гэтыя гады не было трывалых кантактаў — пры сталым меркаванні, што гэты чалавек з'яўляецца «адзіным беларускім дысідэнтам».
Увага! Сустрэча адбудзецца ў офісе TUT.BY у чацвер, 24 красавіка. Пачатак у 18.00.
Каб трапіць на сустрэчу, дашліце заяўку на адрас media@tutby.com да 16.00 серады, 23 красавіка.