У Нацыянальным гiстарычным музеі стартуе беларускамоўны праект для дзяцей

20 кастрычнiка з ініцыятывы аператара мабільнай сувязі Velcom распачнецца чарговы беларускамоўны праект — «Музэй дзецям з Velcom». Імпрэза рэалізуецца ў супрацы з Мiнiстэрствам культуры, а асветніцкай пляцоўкай для маленькіх беларусаў гэтым разам стане Нацыянальны гiстарычны музэй Рэспублікі Беларусь.



velcom_300.jpg

Як расказалі ў офісе Velcom, у гэты дзень у адной з самых папулярных музэйных установаў сталіцы — Нацыянальным гістарычным музэі — адбудзецца прэзентацыя беспрэцэдэнтнага для краіны культурна-адукацыйнага праекту.
У прыватнасці, пройдзе ўрачыстае адкрыццё інтэрактыўнай музейна-пазнавальнай прасторы, якая ўключае ў сябе адмыслова абсталяваныя залы і тэхнічныя навінкі для лепшай візуалізацыі экспанатаў.
Апроч таго, у рамках мерапрыемства адбудзецца прэзентацыя першага ў краіне электроннага дзіцячага гістарычнага часопіса «Музейныя вандроўкі», які ў забаўляльнай форме адкрые маленькім чытачам самыя цікавыя старонкі з гісторыі Беларусі. Адметна, што гістарычны экскурс будзе грунтавацца на экспанатах са збору музея, які мае самую шматлікую і багатую калекцыю сярод аналагічных установаў.
Такім чынам, падкрэсліваюць у Velcom, 20 кастрычнiка на цырымоніі з пераразаннем стужкі Нацыянальны гiстарычны музей будзе адкрыты наноў — цяпер адмыслова для дзяцей.
Паводле "Радыё Свабода"