У праблеме з атрыманнем беларусамі польскіх віз Варшава вінаваціць Мінск
Праблема з атрыманнем беларусамі польскіх віз выклікана недахопам работнікаў консульскіх службаў Польшчы на тэрыторыі Беларусі, заявіў прэс-сакратар польскага МЗС Марцін Басяцкі Gazeta Wyborcza.
"Праблема з візамі для беларусаў не знікне, пакуль мы не зможам адправіць у Беларусь больш консулаў. На гэта не даюць згоды беларускія ўлады", — падкрэсліў
прадстаўнік знешнепалітычнага ведамства Польшчы.
Такім чынам Басяцкі пракаментаваў інфармацыю, што з'явілася некалькі дзён таму ў польскай прэсе. У прыватнасці Gazeta Wyborcza са спасылкай на ананімную
крыніцу паведамляла, што за праблемамі з электроннай рэгістрацыяй грамадзян Беларусі для атрымання польскай візы стаяць беларускія спецслужбы.
Апошнім часам зарэгістраваць анкету на сайце польскага консульства практычна немагчыма. Як зазначыў у інтэрв'ю Gazeta Wyborcza кіраўнік адной з турфірм Гродна, для рэгістрацыі
такой вялікай колькасці візавых заяў трэба мець сувязі ў дзяржаўнай кампаніі "Белтэлекам". Паводле яго версіі, менавіта ў "Белтэлекаме" блакуюць доступ на
сайт.
У сваю чаргу былы афіцэр МУС Польшчы заявіў выданню, што сістэма электроннай рэгістрацыі віз у Беларусі, як і сам інтэрнэт, знаходзяцца пад жорсткім кантролем спецслужбаў і
Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры прэзідэнце.
Gazeta Wyborcza таксама зазначала: неафіцыйна польскія дыпламаты прызнаюць: маштабы праблемы з атрыманнем польскай візы беларусамі такія вялікія, што даводзіцца звяртацца па дапамогу да
хакераў, цэны на паслугі якіх апошнім часам прыкметна ўзраслі.
БелаПАН